Беларускія кардыяхірургі зрабілі ўнікальную аперацыю на аорце
У РНПЦ «Кардыялогія» беларускія спецыялісты паспяхова правялі адкрытае хірургічнае пратэзаванне анеўрызмы грудной аорты. Гэтую аперацыю робяць вельмі рэдка не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах, бо яна вельмі складаная тэхнічна.
«Выбар спосабу хірургічнай карэкцыі анеўрызмы грудной аорты патрабуе дастатковага вопыту лячэння такіх пацыентаў у рамках канкрэтнай установы», — адзначае Міністэрства аховы здароўя.
59-гадовая пацыентка з анеўрызмай зыходнага аддзела грудной аорты паступіла ў 1-е кардыяхірургічнае аддзяленне РНПЦ «Кардыялогія» ў кастрычніку. Вядучыя сардэчна-сасудзістыя хірургі цэнтра Сяргей Спірыдонаў, Аляксандр Жыгалковіч, Аляксей Смалякоў і Раман Пыжык выканалі рэзекцыю анеўрызмы і пратэзаванне зыходнага аддзела грудной аорты лінейным пратэзам Gelwave.
Ускладненняў пасля аперацыі, як паведамляецца, не ўзнікла, на 14-я суткі пасля яе пацыентку перавялі на рэабілітацыю.
«Гэтая аперацыя праводзіцца вельмі рэдка не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і ў іншых краінах, — падкрэсліваюць у Міністэрстве аховы здароўя. — Напрыклад, па інфармацыі Таварыства сасудзістых хірургаў Расійскай Федэрацыі лік адкрытых умяшанняў на грудной аорце вагаецца ў межах 40 аперацый у год».
Чытайце таксама:
97-гадовая жанчына атрымала апёкі на пажары, але пяць дзён не звярталася да дактароў