У Полацкім універсітэце прайшоў «Дзень выбару прафесіі». Выбар нешырокі
У Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай адбылася акцыя «Дзень выбару прафесіі», паведамляе прэс-служба ўніверсітэта. Паколькі мерапрыемства было арганізавана і ініцыявана Віцебскім абласным упраўленнем унутраных спраў, то прафарыентацыя была адпаведная.
Рэктар універсітэта Юрый Раманоўскі ацаніў тое, што адбывалася, як «унікальную магчымасць для нашых студэнтаў пазнаёміцца са спецыфікай працы супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Сёння ў студэнтаў ёсць магчымасць асабіста задаць пытанні і, магчыма, ужо дамовіцца аб будучым працаўладкаванні».
У сваю чаргу, першая прарэктарка Аксана Голубева адзначыла, што «нашы выпускнікі ўяўляюць вялікую цікавасць для такіх структур. Мы можам прыносіць карысць у тэхнічным кірунку, у IT, а таксама ў галіне юрыспрудэнцыі». Яна ўпэўненая, што студэнты ПДУ «хочуць і могуць па сваіх маральных прынцыпах, перакананнях, ладу жыцця, стану здароўя, спартыўнай форме стаць абаронцамі правапарадку, надзейнымі людзьмі, якія ахоўваюць наша грамадства і нашу краіну». Таму, маўляў, «цікавасць такіх структур да нашых выпускнікоў невыпадковая».
Сілавікі падчас мерапрыемства паказалі пяць інтэрактыўных пляцовак са спецыяльнай тэхнікай, узбраеннем, аўтамабілямі. Былі на выставе і кінолагі з сабакамі.
Чытайце таксама: