Камандзірка эвакуацыі расказала, чаму пакідае полк Каліноўскага і чым будзе займацца далей
Пра рашэнне пайсці з палка Каліноўскага парамедык Настасся «Север» Махамет паведаміла два месяцы таму. Цяпер яна пагадзілася болей расказаць, што за гэтым стаіць.
Настасся Махамет. Фота: instagram.com/neiserika
Намераў пакінуць полк Каліноўскага Настасся не змяніла. Гэта пытанне «фармальнасці і папер».
«Тэхнічна я пакуль выйшла, бо камандзіру гэта складана. Шмат чаго трэба перадаць, пачынаючы ад маёмасці і сканчаючы абавязкамі, таму пакуль у палку. Цяпер у нас новы камандзір у падраздзяленні, і я з радасцю перадаю ёй справы», — кажа ваярка.
Настасся з сярэдзіны мая 2022 года вывозіла з перадавой параненых вайскоўцаў.
«Я не адчуваю выгарання ў плане медыцыны і працы», — кажа яна.
Прычынай сыходу дзяўчына назвала тое, што хацела б больш займацца медыцынай, а не арганізацыйнымі пытаннямі.
У верасні 2023 года Настасся Махамет звярталася да сваіх падпісчыкаў у сацыяльных сетках з просьбай дапамагчы медроце каліноўцаў сустрэць сезон гразі цалкам падрыхтаванымі. Парамедыкам быў патрэбны трал. Фота: Facebook Настассі Махамет
Настасся перайшла ў полк Каліноўскага ў сакавіку 2022 года з тэрабароны. Каліноўцам тады патрабаваўся лекар. У тэрабарону яна запісалася на трэці дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
Летась беларуску ўзнагародзілі ордэнам «За мужнасць» 3‑й ступені. Яна таксама мае медаль БНР за баявыя заслугі.
«Цяпер больш байцоў гіне ад дронаў»
Настасся яшчэ ў Беларусі цікавілася ваенна-палявой хірургіяй. Яна дачка вайскоўца.
Плануе і далей быць ваенным медыкам.
Настасся кажа, што ва Украіне пацвердзіла дыплом вышэйшай медыцынскай адукацыі. Атрымала ліцэнзію на працу з крывёю і цяпер можа афіцыйна займацца яе пераліваннем.
За паўтара года група Настассі вывезла нямала пабрацімаў з зоны вайсковых дзеянняў. Самае страшнае — губляць людзей, адзначае яна.
«Як ні дзіўна, я нічога не хачу забыць са свайго франтавога жыцця. Я атрымала дужа карысны досвед», — заўважае Настасся.
Настасся «Север» Махамет у машыне экіпажу эвакуацыі. Фота: архіў Настассі Махамет
Вайна навучыла Настассю больш верыць у саму сябе і меней сумнявацца. З'явілася бясстрашша, якое часам яе саму палохае.
Арганізм прызвычаіўся да стрэсавых і рызыкоўных выездаў на перадавую.
«Калі выязджаеш на перадавую, то спачатку не ўсведамляеш сваім нутром, што ў любую мінуту можаш памерці, але пасля першых прылётаў пачынаеш гэта разумець і прымаць, — тлумачыць Настасся. —
Я, да шчасця, з моцнай псіхікай. У мяне бывае лёгкая паніка ад прылётаў, але гэта доўжыцца настолькі кароткі час (пару секунд), што наогул не лічу тое за праблему».
Паводле яе слоў, успрыняцце небяспекі загінуць у кожнага індывідуальнае. Камусьці бывае цяжэй, бо арганізм рэагуе на рызыку больш востра.
«Такі стан дазваляе ацаніць здольнасць рызыкаваць. Урэшце на той свет жывым ніхто не сыходзіў. Жыццё наогул непрадказальнае. У цябе можа пацэліць ракета, ці ты можаш трапіць у аварыю, перавярнуцца на машыне, на галаву ўпасці цагліна. Усё што заўгодна можа адбыцца», — па-філасофску выказваецца парамедык.
Летась Настасся атрымала чэрапна-мазгавую траўму, калі побач з машынай, якою ехалі медыкі, узарваўся снарад.
На яе думку, характар раненняў за час вайны не змяніўся, але байцам цяпер пагражае раней невядомая небяспека.
«Усё больш людзей церпіць, гіне ад дронаў. І гэта жахліва», — гаворыць яна.
«Паволі вяртаюся ў творчасць»
Апошнім часам Настасся выкладае ў сацыяльныя сеткі фотаздымкі ў новых вобразах. Напрыклад, пабывала бландынкай.
«Гэта не проста эксперыменты з вобразамі, — тлумачыць яна. — Я паволі вяртаюся ў творчасць. Планую выкарыстоўваць відэа і фота для візуалізацыі сваіх персанажаў. Я малюю, пішу [кнігі] і буду гэта рабіць далей. Мне трэба аднаўляць аўдыторыю, калі я хачу гэтым зарабляць. І падаецца, што варыянт дробных пераўвасабленняў найлепшы. Бо, па-першае, калі робіш унікальных персанажаў, то толькі ты па-сапраўднаму ведаеш, што яны з сябе ўяўляюць. Па-другое, візуальны кантэнт найлепей заходзіць людзям».
Настасся Махамет у нязвыклым вобразе. Фота: Facebook Настассі Махамет
Настасся — аўтарка кнігі з гісторыямі ўдзельнікаў беларускага пратэсту «Дух свободы: Наследники партизан». Яна ў вольным доступе. Піша вайскоўка пад псеўданімам Аляксандр Верт.
Цяпер Настасся ўзялася за адкладзеныя запісы да двух новых твораў з фантастыкай. Яны не звязаныя з цяперашняй вайной, але адзін з іх мае ваенную тэматыку.
«Так супала, што сюжэт гэтай кнігі зʼявіўся да актыўнай фазы вайны ва Украіне і прыдумала я яго, будучы яшчэ ў Беларусі», — інтрыгуе Настасся.
Настасся з Івацэвіч. Скончыла Барысаўскі медыцынскі каледж і Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Тры гады працавала ў мінскай радзільні № 1. Інтэрнатуру праходзіла ў Магілёўскім абласным анкалагічным дыспансеры.
Пасля пратэстаў 2020 года дзяўчына ўзначаліла незалежны прафсаюз свайго ўніверсітэта, а праз год зʼехала ў Кіеў.
«Насамрэч я не дужа веру ў беларусаў у цэлым, — прызнаецца яна цяпер. — Мне падаецца, што беларусы да свабоды не гатовыя. І калі ім яе цяпер даць, то яны проста яе прасруць».
Але калі зʼявіцца шанец вярнуць краіне свабоду, дзяўчына гатова ўдзельнічаць, каб наблізіць яе.
Глядзіце таксама: