БЕЛ Ł РУС

Бондарава паскардзілася Пярцову на карупцыю ў Мінкульце — яе скаргу спусцілі ў Мінкульт

3.06.2024 / 18:33

Nashaniva.com

Даносчыца назвала гэта «футболам».

Вольга Бондарава. Фота: «Гродненская правда»

Прарасійская актывістка Вольга Бондарава паскардзілася падпісчыкам на тое, што яе скаргі ў дзяржаўныя органы ігнаруюць, абмяжоўваючыся стандартнымі адпіскамі.

Гэтым разам яна падрыхтавала вялікі па памерах зварот да намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Уладзіміра Пярцова, у якім раскрытыкавала дзейнасць Міністэрства культуры і асабіста міністра Анатоля Маркевіча.

Набор прэтэнзій Бондаравай у цэлым стандартны. У сваім звароце яна заяўляе, што «супраць нацыі вядзецца вайна на знішчэнне», а «прапаганда заходніх каштоўнасцяў» сярод дзяцей накіраваная на «разбурэнне інстытуту сям'і, знішчэнне паняццяў «бацька» і «маці», вядзецца прапаганда наркотыкаў, асацыяльнага ладу жыцця і культу спажывання».

Усім гэтым, на думку Бондаравай, займаюцца нялюбыя ёй блогеры — ДзімДзімыч, Улад Кабякоў і іншыя папулярныя ў падлеткаў публічныя асобы. З іншага боку, у канцэртах па ўсёй краіне, у тым ліку ў «Славянскім базары», удзельнічаюць артысты, якіх Бондарава называе «БЧБшнікамі» — не абышлося без чарговага закліку забараніць «Драздоў», — а ў арганізацыі мерапрыемстваў прымае ўдзел ЮНІСЕФ, які Бондарава лічыць «варожым».

Да звароту ў адміністрацыю Лукашэнкі Бондарава прымацавала дапаўненні са спасылкамі на пасты ў яе тэлеграм-канале, фатаграфіямі і скрынамі. На адной з фатаграфій выяўлены плакат ЮНІСЕФ «Абарона падчас вайны», які актывістка палічыла «правакацыйным супраць СВА».

Праблема, на думку Бондаравай, у тым, што ўсё гэта адбываецца пры непасрэдным удзеле Мінкульта. У дапамозе «ворагам» Бондарава абвінаваціла нават сумна вядомую стварэннем «чорных спісаў» у сферы культуры Ірыну Дрыгу.

Больш за тое, Бондарава адкрыта абвінавачвае ў бяздзейнасці міністра Анатоля Маркевіча і піша пра «пратэкцыянізм і карупцыю ў Мінкульце». Даносчыца патрабуе ад Пярцова «назаўжды прыбраць з медыйнай сферы» ўсіх пералічаных у скарзе блогераў, артыстаў і чыноўнікаў, а таксама правесці сур'ёзны аналіз дзеянняў усіх зацікаўленых супрацоўнікаў Мінкульта.

Фота: сацсеткі Бондаравай

У адміністрацыі Лукашэнкі зварот вырашылі спусціць у апарат Саўміна, а той накіраваў скаргу на Мінкульт уласна ў сам Мінкульт. Ці бачыў дакумент Пярцоў, невядома. Сама Бондарава лічыць, што не. Яна мяркуе, што чыноўнікі яе проста «футболяць». І цяпер просіць дапамогі ў сваіх падпісчыкаў.

@nashaniva Бондарава апраўдваецца за наезд на нявестку Лукашэнкі #нашаніва #беларусь #лукашенко #беларускаямова #беларусьновости #жывебеларусь ♬ Funny Guy - Parry Music

Чытайце таксама:

«Я не ведала, хто яна такая». Бондарава апраўдваецца за наезд на нявестку Лукашэнкі

Бондарава расказала, што вырашыў суд па пазове супраць яе

Бондарава назвала нявестку Лукашэнкі бэчэбескай і змагаркай

Бондарава стукала ў КДБ на Вараніцу з «Белай Русі»

Каментары да артыкула