У Чачэрску зноў спрабуюць прадаць за бесцань старадаўнюю сядзібу
Зноў выставілі на таргі будынак сядзібы графа Чарнышова-Круглікава ў Чачэрску, паведамляецца на сайце Беларускай універсальнай таварнай біржы. Гэта ўжо не першая спроба прадаць архітэктурны аб'ект.
Фота: et.butb.by
Пачыналася ўсё з таго, што Чачэрскі райвыканкам выстаўляў сядзібу за 860 тысяч рублёў. Пасля цану знізілі ўдвая, а ўрэшце дайшлі і да таго, каб спрабаваць збыць хоць за адну базавую велічыню — на сёння гэта 40 рублёў.
Помнік архітэктуры XIX стагоддзя, які спалучае рысы рамантызму і позняй готыкі, знаходзіцца ў Чачэрску на скрыжаванні вуліц Ульянава і Інтэрнацыянальнай. У кампазіцыю ансамбля ўваходзяць сядзібны дом, рэшткі парку, гаспадарчых пабудоў і стайні.
Будаваць сядзібу пачаў у 1774 годзе першы расійскі намеснік у Беларусі генерал-фельдмаршал граф Захар Чарнышоў. У пачатку XX стагоддзя ў будынку сядзібы размяшчалася земская школа другой ступені, якая пасля 1925 года была перайменавана ў беларускую школу з сямю класамі адукацыі.
Пасля Другой сусветнай вайны ў былым палацы функцыянавалі вячэрняя школа, бібліятэка для дзяцей, Дом піянераў, гісторыка-этнаграфічны музей. Цяпер тут знаходзіцца Чачэрскі раённы цэнтр рамёстваў, фальклору і этнаграфіі.
Плошча пабудовы — 1129 м2. Адзначаецца, што ў будынку маецца цэнтральнае ацяпленне, халоднае водазабеспячэнне, каналізацыя, электразабеспячэнне, вентыляцыя.
Купіць помнік архітэктуры можна праз аўкцыён, які пройдзе на сайце Беларускай універсальнай таварнай біржы 22 ліпеня. Падаць заяўку на ўдзел у аўкцыёне трэба да 17 ліпеня.
На рамонтна-рэстаўрацыйныя работы сядзібы адводзіцца два гады пасля куплі.
Чытайце таксама:
Графскую сядзібу ў Чачэрску выставілі на продаж трэці раз, ужо практычна задарма
Зноў спрабуюць прадаць графскую сядзібу ў Чачэрску