БЕЛ Ł РУС

У Гомелі будуць судзіць уладальнікаў адной з найбуйнейшых прыватных фірмаў горада

29.07.2024 / 18:08

Nashaniva.com

На лаве падсудных апынуўся неаднаразовы лаўрэат конкурсу «Найлепшы прадпрымальнік Гомельскай вобласці» Раман Напрэеў, піша «Флагшток».

Раман Напрэеў. Фота: Анлайнер

2 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля адбудзецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да службовых асоб і саўладальнікаў ТДА «Палідрэў». Рамана Напрэева, Васіля Кавальчука і Максіма Худана абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры. Максімальны памер пакарання, які пагражае абвінавачаным — 7 гадоў пазбаўлення волі.

Інфармацыя пра разгляд крымінальнай справы ў спісе судовых пасяджэнняў

Найбольш вядомым бізнэсмэнам з трох фігурантаў крымінальнай справы з'яўляецца Раман Напрэеў. Выданне «Ежедневник» называла яго ў ліку найбольш уплывовых прадпрымальнікаў Гомельскай вобласці.

Як мінімум двойчы, у 2009 і 2013 годзе, чыноўнікі Гомельскага аблвыканкама называлі яго ў ліку найлепшых прадпрымальнікаў Гомельскай вобласці. Напрэеў уваходзіў у склад грамадска-кансультатыўнай рады па развіцці прадпрымальніцтва пры Гомельскім аблвыканкаме.

Раман Напрэеў атрымлівае ўзнагароду з рук старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка. Фота: ГА «Адзінства»

Раман Напрэеў заснаваў ТДА «Палідрэў» у 1991 годзе разам з Пятром Худаном (бацькам іншага фігуранта крымінальнай справы). Пазней да ліку партнёраў далучыўся і Васіль Кавальчук, які стаў пасля дырэктарам прадпрыемства.

Асноўным напрамкам бізнэсу ТДА «Палідрэў» з моманту заснавання з'яўляецца вытворчасць дэталяў з пластыка, якія выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні. Прадукцыю закупляюць «Гомсельмаш», МТЗ, МАЗ, БелАЗ, «Амкадор», а таксама расійскія машынабудаўнікі. Пазней кампанія асвоіла і іншыя кірункі дзейнасці.

Акрамя «Палідрэва», у Рамана Напрэева маюцца і іншыя буйныя праекты ў Гомелі: сетка ўстаноў пад брэндам «Чисто», рэстараны «Бацькі», «Фасоль», сушы-бар «Табу». У 2015 годзе бізнэсмен запусціў праект па вытворчасці тэрмапанэляў «Белань» на базе СЭЗ «Гомель-Ратон».

Пасля падзей 2020 года Раман Напрэеў выказаў сваю падтрымку Лукашэнку. Ён выкарыстоўваўся беларускай прапагандай у перыяд правядзення Усебеларускага народнага сходу ў лютым 2021 года.

Сваё стаўленне да беларускай палітыкі ў той час прадпрымальнік ахарактарызаваў наступнымі словамі:

«Хаатычнасць жыццёвых прынцыпаў навязваюць нам праз павучанні і пагрозы з-за мяжы. Вынікам такіх змен сапраўды будзе хаос. Мы гэта выдатна бачым у суседняй Украіне, там абвешчаныя самыя дэмакратычныя каштоўнасці, а жыццёвы ўзровень насельніцтва ўсё ніжэйшы і ніжэйшы».

Чытайце таксама:

У Гомелі абрынуўся будынак былога РАУС. У ім у 2020-м катавалі пратэстоўцаў

«Усякія сітуацыі ў жыцці бываюць». Павук спытаў у мясцовых уладаў пра шахед, што ўпаў у Акцябрскім

У Гомелі анансавалі патрыятычную падсветку тэлевышкі

Гамяльчук пракаціўся з дзяржсцягам, каб падняць патрыятызм. У выніку застаўся без BMW і абвінаваціў ва ўсім Польшчу

Каментары да артыкула