БЕЛ Ł РУС

Высветлілася, хто замест Баха можа ўзначаліць Міжнародны алімпійскі камітэт. Гэта дрэнная навіна для Лукашэнкі і Пуціна

12.08.2024 / 7:0

Nashaniva.com

Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі Себасцьян Коэ можа ўзначаліць Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) замест Томаса Баха, які абвясціў, што пакідае пасаду, паведамляе Reuters.

Себасцьян Коэ, дзейны прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Фота: AP Photo / Gregorio Borgia

На сваёй прэс-канферэнцыі найбольш верагодны і ўплывовы пераемнік Баха Себасцьян Коэ заявіў, што «сур'ёзна абдумае» магчымасць пазмагацца за крэсла прэзідэнта МАК. 

«Я заўсёды ясна даваў зразумець, што калі з'явіцца такая магчымасць (стаць кіраўніком МАК — НН), я, відавочна, сур'ёзна абдумаю гэта. І магчымасць гэтая ўжо ўзнікла», — заявіў прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі Себасцьян Коэ.

67-гадовы брытанец Себасцьян Коэ мае за плячыма велізарны спартыўны і арганізацыйны вопыт: двухразовае алімпійскае чэмпіёнства па бегу на дыстанцыю 1500 метраў, галоўная роля ў арганізацыі Алімпійскіх гульняў 2012 года ў Лондане, кіраванне Нацыянальным алімпійскім камітэтам Вялікабрытаніі.

Акрамя таго, у адрозненне ад Томаса Баха, які ад пачатку вайны спрабуе абараняць ад санкцый спартсменаў, лаяльных рэжымам Лукашэнкі і Пуціна, Себасцьян Коэ, наадварот, жорстка выступае супраць удзелу беларусаў і расіян у міжнародных спаборніцтвах (нават у нейтральным статусе) з-за вайны ва Украіне і ўнутраных палітычных рэпрэсій.

У дадатак да гэтага пры Коэ Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі выкрыла супрацоўніцтва былога прэзідэнта арганізацыі Ламіна Дзіяка з Расіяй ва ўтойванні станоўчых допінг-пробаў расійскіх алімпійскіх атлетаў.

Выбары прэзідэнта МАК адбудуцца ў сакавіку 2025 года.

Чытайце таксама:

«Усё вельмі проста. Прэч з Украіны». Міжнародны спартыўны функцыянер сказаў, калі здымуць санкцыі

За гендарным скандалам на Алімпіядзе ў Парыжы стаіць Расія

Беларусам і расіянам дазволілі ўзяць удзел у цырымоніі закрыцця Алімпіяды

Каментары да артыкула