БЕЛ Ł РУС

Дзвярнога майстра з Калінкавічаў будуць судзіць па 4 палітычных артыкулах. У сацсетках ён хваліць Пуціна і Кадырава

5.10.2024 / 11:36

Nashaniva.com

У 2020-м Генадзь Карнеявец падтрымаў рух за свабодныя выбары. Але пасля пачатку вайны рашуча выступіў за Расію. Цяпер яму пагражае да 6 гадоў калоніі за старыя рэпосты.

Генадзь Карнеявец. Фота з ягонай старонкі ў Аднакласніках

Генадзю Карнеяўцу 55 гадоў. Ён нарадзіўся і вырас у Калінкавічах, райцэнтры на Гомельшчыне. Вядома, што апошнія гады мужчына быў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся працамі па дзвярах — устаноўкай і рамонтам дзвярэй і арак у Калінкавічах і ваколіцах.

У 2020-м мужчына рэпосціў публікацыі незалежных медыя і суполак у розных сацсетках.

Адзін з даваенных рэпостаў Генадзя ў Аднакласніках

Але з пачаткам расійскага ўварвання ва Украіну тон ягоных публікацый змяніўся. Цяпер большая іх частка прысвечаная падтрымцы Расіі ў вайне. Хоць і раней ён рэпосціў нешта пра Пуціна, але, хутчэй, эпізадычна.

Скрыншоты са старонкі Генадзя ў Аднакласніках. Старонка мужчыны з лютага 2022 года складаецца з іх амаль цалкам

Сацсеткі Генадзя не абнаўляюцца з мая 2024 года. 13 чэрвеня 2024 года яго асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» у судзе Калінкавіцкага раёна. Падобна, пасля на яго завялі крымінальную справу.

Суд над Генадзем пачнецца 11 кастрычніка 2024 года ў судзе Жыткавіцкага раёна. Яго вінавацяць ва «ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), «паклёпе» (арт. 188 КК), «паклёпе на Лукашэнку» (ч. 1 і 2 арт. 367 КК) і «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Жыхару Калінкавічаў пагражае да шасці гадоў калоніі.

Судзіць яго будзе Аляксандр Аношка, які асудзіў па палітычных справах з 2020 года чатырох чалавек.

Чытайце таксама:

Як засцерагчы сябе ў VK, Facebook і «Аднакласніках» — падрабязны гайд

Расказваем, як даведацца, дзе і каму вы ставілі лайкі ў сацсетках, і перастрахавацца

Што вядома пра самага пажылога палітвязня — 75-гадовага жыхара Хойнікаў, якому за каментары прысудзілі 3,5 года калоніі

Каментары да артыкула