Прагноз Шрайбмана: пасля выбараў рэпрэсіі зменшацца
Запалохванне нязгодных працягнецца, але крымінальных спраў можа стаць меней, лічыць Шрайбман.
Мінск, 2020. Фота: Celestino Arce NurPhoto via Getty Images
«Пасля выбараў ёсць пэўны шанц на тое, што рэпрэсіі стануць менш інтэнсіўнымі», — выказаў сваё бачанне аналітык Арцём Шрайбман у новым выпуску ютуб-праекта «Гадзіннічак цікае» і абгрунтаваў свой пункт гледжання.
«Па-першае, вычэрпваецца проста пул удзельнікаў пратэстаў 2020 года, якія яшчэ і не рэпрэсаваныя, і не выехалі, і не патрапілі ў поле зроку. Усё ж такі гэта не бясконца (…).
Канешне, яны могуць хадзіць па сваяках бясконца, падпісваць людзей, якія ўжо сядзелі, [на каналы, прызнаныя дзяржавай «экстрэмісцкімі»] і затрымліваць. Але звычайна такія рэчы заканчваюцца адміністратыўкай. (…)
Але агульны трэнд — на зніжэнне колькасці крымінальных спраў за масавыя акцыі. Натуральна, масавых акцый няма. (…) Таму колькасць палітвязняў змяншалася б сама сабой, нават, калі б ён [Лукашэнка] іх не выпускаў. Таму што людзі выходзяць, а новых набіраюць не ў такой колькасці».
Шрайбман звяртае ўвагу, што ва ўсе мінулыя гады інтэнсіўнасць рэпрэсій падштурхоўвалася электаральнымі кампаніямі:
«Рэферэндум, УНС, выбары ў «палатку», зараз прэзідэнцкія выбары. Мы бачым хвалі рэпрэсій перадвыбарчыя. Прынамсі гэтых хваляў можа зрабіцца меней. Натуральна, што большасць рэпрэсій працягнецца. Проста вось такіх, прымеркаваных да нейкай даты, іх можа стаць меней, (…) такіх рэпрэсій па цэнтралізаваным загадзе па рэгіёнах, па квотах. Я думаю, гэта магчыма».
На рэпрэсіі, на погляд, Шрайбмана, можа паўплываць пачатак дыялогу рэжыму з Захадам па палітвязнях:
«Калі працэс дыялогу з Захадам па палітвязнях пойдзе, то Лукашэнка можа (прынамсі візуальна яны ўжо гэта робяць) прыглушыць рэпрэсіі. ГУБАЗіК ужо не публікуе так званыя пакаяльныя відэа. Я думаю, яны могуць па інкамунікада нейкі прагрэс зрабіць. Дапусціць лісты ці сваякоў. Не ведаю.
Мне здаецца паслявыбарчы час прынамсі адкрывае акно тут для таго, каб паспрабаваць на гэтую тэму размаўляць, бо астатнія (акрамя міграцыйнага крызісу) не тэмы для дыялогу Лукашэнкі і Захаду».
«Верагоднасць таго, што рэпрэсіі зменшацца да гэтых выбараў, была нулявая. Пасля яна ўжо вышэйшая», — заўважае Шрайбман.
Чытайце таксама:
Прызналі палітвязнямі яшчэ 6 чалавек
На Аршаншчыне ўзмацніліся рэпрэсіі супраць чыгуначнікаў
Як беларусы хочуць пакараць тых, хто чыніць рэпрэсіі? Вось што паказала апытанне пацярпелых