Удзельніка «X-фактара» арыштавалі за палітыку — хутка будзе суд
Армен Арзуманян удзельнічаў у шоу ў 2021 годзе. Але асноўны яго занятак — гэта бізнэс па продажы падарункаў. У вольны час ён ратуе бяздомных жывёл.
Армен Арзуманян. Скрыншот з ютуб-канала «Беларусь 1»
Армену Арзуманяну 44 гады. Ён родам з Азербайджана, але амаль усё жыццё пражыў у Беларусі і мае беларускае грамадзянства.
Больш за 15 гадоў Армен трымае крамы падарункаў, апошняя з іх — Podari Minsk. Там прадаюцца кнігі-сейфы, вазы, сувеніры і іншыя дробныя прэзенты.
Мужчына піша музыку пад псеўданімам Арман Алекпераў. Ён двойчы выступаў на «X-фактары» — спачатку ў 2018 годзе ва Украіне, а пасля ў 2021 у Беларусі. Адметна, што ў беларускім праекце ён атрымаў ад удзельнікаў журы адказ «так», але далейшых выпускаў з яго ўдзелам чамусьці так і не паказалі.
Армен расказваў у інтэрв'ю, што дапамагае бяздомным жывёлам. Сам ён, кажа, выратаваў некалькі соцень. У сваёй хаце ён уладкаваў домікі для жывёл на зіму і лета. А яшчэ валанцёрыць у арганізацыях, якія ратуюць жывёл.
Армен Арзуманян у Ганконгу. Фота: Укантакце
Армена Арзуманяна пачнуць судзіць 16 снежня ў Мінскім гарадскім судзе. Яго вінавацяць у «закліках да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК) і «паклёпе на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК). Армену пагражае ад 4 да 12 гадоў калоніі.
Судзіць яго будзе Яўген Пісарэвіч. Ён судзіць беларусаў па палітычных артыкулах найменш з 2016 года.
Калі вы ведаеце пра тое, што здарылася, больш, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на nivanasha@proton.me. Або любому рэдактару ці журналісту «Нашай Нівы», якога ведаеце асабіста.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года.
Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.
Па словах намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта Аляксандра Жукава, было зафіксавана больш за 22 500 «злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці», гэта значыць, палітычнага характару. Па многіх з гэтых крымінальных справаў праходзяць шматлікія фігуранты.
Згодна з інфармацыяй Паўла Латушкі, прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, з 2020 года рэпрэсіі закранулі 136 тысяч чалавек. Некалькі соцень тысяч беларусаў вымушаныя былі пакінуць краіну.
Чытайце таксама:
Работніцы суда пагражае да 12 гадоў за «заклікі да санкцый і абразу Лукашэнкі»
Як правільна пачысціць смартфон пры перасячэнні мяжы
Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць