БЕЛ Ł РУС

Расійскі віцэ-прэм'ер расказаў, калі ўвядуць агульную валюту з Беларуссю

6.12.2024 / 20:53

Nashaniva.com

Пры ўсім збліжэнні ў эканамічнай і сацыяльнай сферах Беларусь і Расія не спяшаюцца з пераходам на адзіную валюту, адзначыў у інтэрв'ю «Известиям» намеснік прэм'ер-міністра Расіі Аляксей Авярчук.

Фота: Известия

Пытанне пра агульную валюту сёння пакуль не так актуальнае, лічыць расійскі віцэ-прэм'ер:

«Мы пару разоў з калегамі гаварылі пра агульную валюту. Проста для яе ўвядзення павінны саспець умовы, і хтосьці павінен будзе аргументавана абгрунтаваць, навошта гэта сапраўды трэба».

Пакуль што такіх аргументаў, відаць, ніхто не прадставіў, але ў будучыні, не выключае расійскі чыноўнік, усё можа быць інакш:

«Мяркую, што на нейкім этапе, магчыма, мы прыйдзем да такога ўзроўню інтэграцыйнага збліжэння, што для нашага далейшага сумеснага развіцця спатрэбіцца сфарміраваць адпаведныя бюджэтныя крыніцы, напэўна, гэта і будзе аргументам.

Калі-небудзь эканамічная мэтазгоднасць скажа сваё слова, і, думаю, што тады беларусы будуць першымі, хто прапануе пераходзіць на агульную валюту».

Пакуль жа, паводле яго, неабходна разумець, што ў свядомасці многіх людзей нацыянальная валюта — «атрыбут суверэнітэту, і да гэтага таксама трэба ставіцца з павагай».

У той жа час цяпер амаль увесь узаемны гандаль паміж Беларуссю і Расіяй ужо пераведзены на разлік у рублях — «доля нацвалют ва ўзаемных разліках Расіі і Беларусі складае ўжо прыкладна 98%».

Прытым нібыта «ніякай спецыяльнай мэты па дасягненні долі ў 100% у Масквы і Мінска няма. Гэта адбываецца само сабой. Бізнэс сам вырашае, што яму зручна, таму гэта і працуе».

Чытайце таксама:

Індыя і Паўднёва-Афрыканская рэспубліка адхрысціліся ад праекта стварэння валюты БРІКС

Цана біткойна ўпершыню ў гісторыі перавысіла 100 тысяч даляраў

«Калі набыў $20 па курсе 3,3 — і цяпер ты паспяховы інвестар»: як беларусы рэагуюць на скачкі валют

«Даляраў столькі, што хоць печку імі палі». Азаронак на камеру спаліў купюру ў 1 даляр

Каментары да артыкула