БЕЛ Ł РУС

Вядомы гомельскі сілавік судзіцца з УУС і МУС

10.12.2024 / 19:44

Nashaniva.com

Віктар Яўстаф'еў працаваў начальнікам аддзела ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і часта выступаў у СМІ, піша «Флагшток».

Віктар Яўстаф'еў (справа). Фота: УСК па Гомельскай вобласці

Пазоў Яўстаф'ева да УУС Гомельскага аблвыканкама і МУС Беларусі разгледзіць 12 снежня Гомельскі абласны суд.

Міліцыянер судзіцца з начальствам праз службовую праверку. У раскладзе суда прадмет спрэчкі пазначаны так: «скарга на рашэнне начальніка УУС аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці, накіраванні на пазачарговую атэстацыю, адмене загадаў начальніка УУС ад 01.08.2024, 08.08.2024 у частцы прымянення дысцыплінарных спагнанняў, прызнанні характарыстыкі неаб'ектыўнай, на заключэнне службовай праверкі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі».

Начальнікам УУС Гомельскага аблвыканкама з'яўляецца генерал-маёр Аляксандр Шастайла.

Яўстаф'еў не раз выступаў у дзяржаўнай прэсе, расказваючы пра поспехі ў раскрыцці эканамічных злачынстваў. Напрыклад, у 2023 годзе выявілі афёру з крадзяжом 470 тон арматуры на суму больш за мільён рублёў, а ў Буда-Кашалёўскім раёне вылічылі галоўнага бухгалтара, якая выкрала больш за паўмільёна рублёў.

Тады Яўстаф'ева прадстаўлялі як начальніка 3-га аддзела ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Гомельскага аблвыканкама. Да гэтага ён быў начальнікам 2-га аддзела таго ж упраўлення.

Пазоў Яўстаф'ева ўжо разбіралі ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля, а цяпер апеляцыю на яго рашэнне разгледзіць абласны суд.

Чытайце таксама:

МУС распавяло сваю версію, за што пасадзілі пярэваратня ў пагонах Згірскага

Для галоўнага ахоўніка Лукашэнкі прыдумалі кіраўнічую пасаду ў Беларусбанку

ГУБАЗіКу забаранілі публікаваць «пакаяльныя відэа». Цяпер яны выстаўляюць «пакаяльныя аўдыя»

Каментары да артыкула