БЕЛ Ł РУС

«Гомсельмаш» апублікаваў статыстыку па вытворчасці камбайнаў. Гэта зусім не тое, што чакалася

12.12.2024 / 21:24

Nashaniva.com

ВА «Гомсельмаш» у заводскай газеце паведаміла пра свежыя даныя, датычныя вытворчасці камбайнаў. «Флагшток» параўнаў рэальнасць з нядаўнімі планамі завода і статыстыкай ранейшых гадоў.

Выставачны камбайн «Гомсельмаш» для продажу на расійскім рынку

За 11 месяцаў (студзень—лістапад) 2024 года вытворчае аб'яднанне вырабіла 2 001 камбайн. Пры гэтым у лістападзе гэтага года з канвеера сышлі ўсяго 92 камбайны. Гаворка пра профільныя для завода карма– і збожжаўборачныя камбайны.

Апублікаваныя ў газеце лічбы дазваляюць параўнаць планы і рэальнасць. Так у канцы 2023 года кіраўніцтва «Гомсельмаша» было вельмі аптымістычным. На фоне 3013 вырабленых камбайнаў у 2023 годзе на наступны 2024-ты закладалася ўжо 3500 штук.

Вясной 2024 года кіраўніцтва заўважыла негатыўныя тэндэнцыі на расійскім рынку і скарэктавала план да 3300 камбайнаў. Але рэальнасць аказалася больш жорсткай. Па выніках гэтага года выпуск камбайнаў не перавысіць 2 100 штук.

Такім чынам, замест росту на 16% кіраўніцтва завода атрымала падзенне на 30%. Пры гэтым «Гомсельмаш» не ўдакладняе, колькі з вырабленай тэхнікі прададзена і аплачана пакупнікамі.

Праблемы ў завода ўзніклі з-за росту ключавой стаўкі ў Расіі, падаражання тэхнікі і нізкага кошту сельгаспрадукцыі.

«На баку дылераў няма асаблівага пазітыву. Склады поўныя, эканоміка пад ціскам выдаткаў на персанал і крэдыты. Думаю, 2024 год будзе сур'ёзным тэстам для дылерскай супольнасці», — каментаваў сітуацыю выданню «Агроинвестор» старшыня праўлення Асацыяцыі дылераў сельскагаспадарчай тэхнікі «АСХОД» Аляксандр Алтынаў.

Пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі «Гомсельмаш» зрабіў стаўку на расійскія праграмы фінансавання і расійскі рынак — па выніках 2023 года больш за 80% камбайнаў прадавалася менавіта там.

Чытайце таксама:

На гомельскім заводзе бясплатна гарбаціцца на суботніку заклікалі Ленін і Сталін

Гомельскія прадпрыемствы падхапілі ініцыятыву МТЗ даваць «слова пацана». Але ёсць нюанс 

У Гомелі за карупцыю судзяць «ганаровага гомсельмашаўца»

У Браслаўскім раёне ў полі згарэў камбайн беларускай вытворчасці

Каментары да артыкула