БЕЛ Ł РУС

У Расіі знялі ролік, як Санта-Клауса над Крамлём на просьбу Дзеда Мароза збівае СПА. Відэа рэпоснуў і Азаронак

27.12.2024 / 15:3

Nashaniva.com

Санта-Клауса збіваюць, бо расіянам «не трэба нічога замежнага ў небе».

Скрыншот відэа

Расійскія і беларускія праўладныя каналы распаўсюджваюць новы сацыяльны ролік. Па сюжэце Санта-Клаўс разам з аленямі ляціць над Масквой, і яго збівае расійская СПА.

Санта гаворыць па-англійску, п'е «Кока-колу», у яго за спінай замест падарункаў ракеты з эмблемай NATO. Калі ён пралятае над Краснай плошчай, у яго трапляе ракета СПА.

Пасля гэтага камера пераносіцца ў камандны пункт, дзе побач з ракетчыкам сядзіць Дзед Мароз. Ваенны дае справаздачу, што мэта знішчана.

«Правільна. Не трэба нам нічога замежнага ў нашым небе. З Новым годам!» — кажа Дзед Мароз.

Відэа з'явілася ў многіх пракрамлёўскіх і Z-каналах, рэпоснуў яго і прапагандыст Рыгор Азаронак: у подпісы ён назваў Санту «акулярыстым педафілам з аленямі».

Санта-Клаўс традыцыйна атаясамліваецца з вобразам святога Мікалая Цудатворца, аднаго з самых шанаваных святых у Рускай праваслаўнай царкве, да якой сябе адносіць і Азаронак. Пры гэтым у Беларусі сёлета чыноўнікі і ідэолагі з Сантам ваююць.

Ролік пра тое, як СПА збівае Санта-Клаўса, з'явіўся праз два дні пасля таго, як расійская ракета падбіла азербайджанскі пасажырскі самалёт. Борт, які ляцеў з Баку ў Грозны, разбіўся паблізу Актау ў Казахстане раніцай 25 снежня. У катастрофе загінулі 38 чалавек.

Азербайджанскія афіцыйныя асобы патрабуюць ад Расіі выбачэнняў і кампенсацыі, аднак у Крамлі не прызнаюць, што самалёт падбіла расійская СПА.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула