Пазняк заклікае Захад дзеля вызвалення палітвязняў пачаць перамовы з «гэтым варварскім рэжымам»
Пазняк чарговы раз раскрытыкаваў стратэгію санкцыйнага ціску для вызвалення людзей, якая «не дзейнічае».
Скрыншот відэа
Пачаць перамовы з афіцыйным Мінскам аб вызваленні беларускіх палітычных зняволеных заклікаў краіны Захаду кіраўнік руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк у відэазвароце 9 лютага, піша «Позірк».
Палітык назваў іх «фактычна закладнікамі».
Пазняк чарговы раз раскрытыкаваў стратэгію санкцыйнага ціску для вызвалення людзей, якая «не дзейнічае».
«Другі падыход — ён існуе. Гэта падыход, які выкарыстоўваюць з тэрарыстамі», — сказаў ён.
Прыраўнаўшы прадстаўнікоў кіроўнага рэжыму да такіх, Пазняк выказаўся за «шлях перамоў» з прапановай «пэўных абменных элементаў».
«У дадзенай сітуацыі можна пайсці на тое, каб зняць тыя санкцыі, якія ім шкодныя. І трэба на гэта ісці», — лічыць лідар «Вольнай Беларусі».
«Нічога няма важнейшага за жыццё чалавека. І вось мы стаім на гуманітарнай пазіцыі — выратаваць людзей. ⟨…⟩ Наш заклік да заходніх палітыкаў: ідзіце на перамовы з гэтым варварскім рэжымам», — заявіў ён.
На думку палітыка, вызваляючы некаторых палітвязняў у рамках працэдуры памілавання, улады «даюць знакі» аб гатоўнасці да перамоваў.
Падчас іх, лічыць Пазняк, павінна «паставіцца пытанне пра спыненне рэпрэсій».