БЕЛ Ł РУС

Christie's аб'явіў аўкцыён твораў мастацтва, створаных з дапамогай штучнага інтэлекту. Мастакі пратэстуюць

11.02.2025 / 22:30

Nashaniva.com

Раней Christie's ужо выстаўляў творы мастацтва, створаныя з дапамогай ШІ, але ўпершыню плануе правесці аўкцыён, прысвечаны выключна такім працам. Гэта падабаецца далёка не ўсім.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Unplash

На аўкцыёне Augmented Intelligence («Дапоўнены інтэлект»), які пройдзе з 20 лютага да 5 сакавіка 2025 года, Christie's плануе выставіць 20 лотаў ацэначным коштам ад $10 тысяч да $250 тысяч, піша The Guardian.

Аднак не ўсім спадабаліся такія планы. Некаторыя мастакі размясцілі адкрыты ліст, у якім раскрытыкавалі аўкцыён і заклікалі яго адмяніць. Яны лічаць, што многія з твораў створаны з дапамогай штучнага інтэлекту, які навучаўся на абароненых аўтарскім правам работах. Распрацоўшчыкі мадэляў, выкарыстоўваючы гэтыя работы без дазволу і аплаты, нібыта «эксплуатуюць мастакоў».

Ліст ужо сабраў больш за 4000 подпісаў. Як адзначае The Guardian, у лік падпісантаў увайшлі мастачкі Карла Орціс і Кэлі МакКернан, якія раней падавалі ў суд на кампаніі, якія займаюцца распрацоўкай штучнага інтэлекту, заяўляючы, што іх работы былі выкарыстаныя без дазволу для навучання нейрасетак.

У Christie's у адказ на гэта заявілі, што аўтары прадстаўленых на аўкцыёне работ выкарыстоўвалі штучны інтэлект для «паляпшэння» сваіх уласных твораў, і «ў большасці выпадкаў» мадэлі навучаліся менавіта на іх.

Чытайце таксама:

Якая з карцін Марка Шагала стала самай дарагой на апошнім аўкцыёне Christie’s

Карціну Пабла Пікаса прадалі за 139 мільёнаў даляраў

Ці ёсць у віцебскага музея шанцы набыць карціну Марка Шагала?

Каментары да артыкула