Лукашэнка раздаў генеральскія званні пяці вайскоўцам. Вось што пра іх вядома
Ігар Гутнік, Вадзім Раманіў, Сяргей Фралоў, Дзмітрый Бітны, Віталь Шэстак.
Ігар Гутнік. Скрыншот з тэлеканала СТБ
Самы вядомы з іх — 50-гадовы Ігар Гутнік. Ён скончыў Ваенную акадэмію ў 1997 годзе і ўсё жыццё працаваў у памежных войсках.
У 2020-м ён працаваў начальнікам Брэсцкай памежнай групы. Па звестках рэсурса «Карнікі Беларусі», Гутнік загадаў пасцяліць бел-чырвона-белы сцяг на ўваходзе ў памежны пункт.
Яго лічаць адным з адказных за міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Польшчы. За гэта Еўрапейскі саюз увёў супраць Гутніка персанальныя санкцыі.
У 2023 годзе Лукашэнка даў яму павышэнне. Цяпер ён намеснік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта.
Вадзім Раманіў. Скрыншот з тэлеканала СТБ
Вадзім Раманіву 53 гады. Ён у 1992 годзе скончыў Разанскую вышэйшую камандную вучэльню. У 2007-м — Ваенную акадэмію Генеральнага штаба Расіі.
Працаваў у войсках сувязі. Цяпер узначальвае ўпраўленне сувязі Генштаба Узброеных сілаў Беларусі.
Ён адзначыўся заявай пра тое, што ўзброеныя сілы Беларусі распрацавалі ўласны Starlink. Раманіў абяцаў, што ён да канца году будзе ў войсках.
Сяргей Фралоў. Фота з сайта Мінабароны Беларусі
Сяргею Фралову 49 гадоў. Ён родам з Верхнядзвінска Віцебскай вобласці. У 1997 годзе скончыў Ваенную акадэмію, а ў 2017 давучыўся яшчэ раз.
З жніўня 2022 ён займае пасаду першага намесніка Генштаба, першага намесніка кіраўніка ВВС і войскамі СПА. Пасля таго, як першыя шахеды заляцелі ў Беларусь, Фралоў заявіў, што будзе праводзіцца расследванне.
Пасля гэтага яму ў сваёй манеры званіў Андрэй Павук. Генерал сказаў яму, што нічога страшнага, што беспілотнік прыляцеў у Беларусь — маўляў, нікога не пашкодзіла, ну і добра.
Дзмітрый Бітны. Фота: «Газета Слонімская»
Дзмітрыю Бітнаму 49 гадоў. Ён нарадзіўся ў Слуцку. У 1992 скончыў Сувораўскую вучэльню, у 1996 — Мінскую вышэйшую камандную вучэльню, а ў 2001 — Ваенную акадэмію Беларусі.
З лютага 2023 ён намеснік кіраўніка Заходняга вайсковага камандавання. У медыя нічым асаблівым не адзначыўся.
Віталь Шэстак. Фота са старонкі Міністэрства абароны Беларусі
Віталь Шэстак кіруе штабам узбраення Узброеных сілаў Беларусі. Раней ён быў начальнікам упраўлення ракетна-артылерыйскага ўзбраення. У медыя не адзначыўся зусім нічым.
Чытайце таксама:
Ноччу ў Гомельскім і Мазырскім раёнах былі выбухі. Імаверна, збілі шахеды
Асірацелі міратворчыя сілы казацкай гвардыі Беларусі — памёр псеўдагенерал Сяргей Новікаў
У гістарычны архіў у Гродне прызначылі дырэктара-сілавіка. Ён такі ўжо далёка не першы