Вызвалены ў Беларусі амерыканец — не адвакат Юрась Зянковіч
Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, каментуючы здагадкі, што Юрась Зянковіч і ёсць «грамадзянін ЗША, імя якога пакуль не раскрываецца», паведаміў выданню «Позірк», што гэты амерыканец — не Зянковіч.
Палітвязень Юрась Зянковіч. Скрыншот з відэа АНТ
Раней 12 лютага стала вядома пра вызваленне двух палітвязняў: супрацоўніка Беларускай службы «Радыё Свабода» Андрэя Кузнечыка і шматдзетнай маці Алены Маўшук.
Таксама вызвалены яшчэ адзін чалавек, але ягонае імя не называлася. Вядома толькі, што ён мае грамадзянства ЗША.
Здагадкі пра Юрася Зянковіча ўзніклі з прычыны ягонага з’яўлення сёлета ў студзені ў цывільным адзенні на адным з беларускіх тэлеканалаў, прытым не ў турме, а ў мінскім гатэлі «Еўропа». Фігурант «справы змоўшчыкаў», асуджаны агулам на 13,5 года пазбаўлення волі, быў выкарыстаны для прапагандысцкага фільма.
Пры гэтым, апрача Зянковіча, невядома ніводнага палітвязня, які меў бы амерыканскае грамадзянства. Праўда, пра зняволенне грамадзянкі ЗША беларускага паходжання Анастасіі Нюфер таксама ніхто не ведаў да таго часу, пакуль 26 студзеня дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа нечакана не паведаміў пра яе вызваленне.
Чытайце таксама:
Дарадца Ціханоўскай расказаў, як ён разам з Вячоркам сустракаў вызваленую Алену Маўшук
Амерыканцы забралі з беларускай турмы журналіста Андрэя Кузнечыка і яшчэ двух палітзняволеных