Еўропа можа накіраваць ва Украіну да 30 тысяч вайскоўцаў
Еўрапейскія краіны могуць накіраваць ва Украіну ад 25 да 30 тысяч салдат у межах патэнцыйнай дамовы аб спыненні агню, паведамляе са спасылкай на крыніцы The Washington Post.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Rachel Boßmeyer/picture alliance via Getty Images
Паводле інфармацыі чатырох абазнаных чыноўнікаў, колькасць магчымага вайсковага кантынгенту, які Еўропа можа адправіць ва Украіну, была раскрытая ў адказах на ліст ЗША, дзе амерыканскі бок прасіў еўрапейскія краіны ўдакладніць свае магчымасці для падтрымкі Кіева.
Паводле крыніц выдання, на гэты момант еўрапейскія дзяржавы гатовыя забяспечыць некалькі брыгад для патэнцыйнага размяшчэння ва Украіне, прыкладная колькасць якіх складзе ад 25 да 30 тысяч.
Суразмоўцы выдання адзначылі, што еўрапейскія вайскоўцы
«не будуць размешчаныя ўздоўж лініі фронту, але будуць гатовыя прадэманстраваць сілу, калі расійскія войскі адновяць вайну».
Акрамя таго, вайсковы кантынгент ва Украіне можа быць падмацаваны дадатковымі сіламі за яе межамі, «калі ім давядзецца хутка нарошчваць прысутнасць і прасоўвацца».
Паводле даных выдання, найбольш дэталёвае вайсковае планаванне такой місіі правяла Францыя. Па ацэнках, яна можа выдзеліць каля 10 тысяч вайскоўцаў.
У той жа час іншыя еўрапейскія краіны пакуль выказваюць большую насцярожанасць ці сутыкаюцца з праблемамі, звязанымі з абмежаванымі вайсковымі рэсурсамі.
Нядаўна прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер заявіў, што ён «гатовы і жадае» размясціць брытанскія войскі на тэрыторыі Украіны для забеспячэння выканання мірнага пагаднення пры неабходнасці.
Швецыя таксама не выключае магчымасці накіравання міратворчага кантынгенту ва Украіну.
Тым часам прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што Польшча не будзе адпраўляць войскі ва Украіну ў складзе міратворчых сіл. Аднак Варшава гатовая працягваць лагістычную, фінансавую, гуманітарную і вайсковую падтрымку Украіны.
Паводле слоў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, Украіне ўдалося істотна прасунуцца ў пытанні стварэння кантынгенту замежных вайскоўцаў на сваёй тэрыторыі. Гэта нібыта можа стаць першым крокам да стварэння Аб’яднаных узброеных сіл Еўропы.
Чытайце таксама:
Брытанія можа адправіць войскі ва Украіну для падтрымання міру
Міністр абароны Нямеччыны: Лепш бы ЗША не ішлі на саступкі да пачатку перамоў
Сікорскі пракаментваў верагоднасць стварэння аб'яднанага еўрапейскага войска
«Горш за Мюнхен». Рэакцыя еўрапейскіх палітыкаў на заявы Трампа аб перамовах з Пуціным