За колькі прадаюць хрушчоўкі, якія ўлады падумваюць зносіць
Хрушчоўкі не самае камфортнае, але адносна таннае жытло, якое, як правіла, месціцца непадалёк ад цэнтру. Цяпер чыноўнікі разглядаюць ідэю рэнавацыі па прыкладзе Расіі — зносіць хрушчоўкі і перасяляць жыхароў. «Наша Ніва» паглядзела, па якіх цэнах прадаюць гэтыя кватэры.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: realt. by
Цагляныя хрушчоўкі — рэдкасць
Хрушчоўкі будавалі з 1955 па 1977 гады. У Мінску налічваецца амаль 1100 такіх будынкаў, што складае каля 16% ад агульнага жыллёвага фонду сталіцы. Большасць хрушчовак у Мінску панэльныя — 890 штук.
Амаль кожная пятая кватэра, прададзеная ў Мінску, гэта хрушчоўка.
Раней у «Белжылпраекце» распавядалі, што тэрмін службы такіх дамоў складае 125 гадоў.
Што пачым?
Цэны на аднапакаёвыя хрушчоўкі ў Мінску стартуюць з 50 тысяч даляраў. Столькі просяць за кватэры, якія патрабуюць неадкладнага рамонту.
Фота: скрыншот з сайта realt.by
Большасць аднапакаёвых хрушчовак у сталіцы прадаўцы ацэньваюць у дыяпазоне 55-60 тысяч даляраў.
Сярэдні кошт метра ў такіх кватэрах паводле рэальных здзелак складае каля 1700$. Агулам па горадзе квадрат у аднапакаёўках каштуе 1780$.
Цэны на двухпакаёвыя хрушчоўкі ў Мінску пачынаюцца з 55 500 даляраў.
Напрыклад, столькі просяць за кватэру па адрасе Галадзеда, 25. Месціцца яна на пятым паверсе панэльнага дома, які яшчэ не прайшоў праз капрамонт. Рамонт у памяшканні таксама вельмі стары. Падлога драўляная, а ў гасцёўні стаіць старое драўлянае акно.
Фота: realt.by
Алё ў гэтай кватэры ёсць прынамсі адзін плюс — планіроўка, бо ў ёй няма прахадных пакояў. Агульная плошча такой кватэры складае 44,5 м².
Кватэры ў цэнтры Мінска ў дамах пасля капрамонту прадаюць па цэнах ад 75 тысяч.
Фота: скрыншот з сайта realt.by
Сярэдні кошт метра ў двухпакаёвых хрушчоўках складае 1420 даляраў. Тады як агулам у двушках па Мінску — 1555 даляраў, што амаль на 10% даражэй.
Цэны на хрушчоўкі з трыма пакоямі стартуюць ад 65 000 даляраў. Столькі просяць за тыповыя «бабушатнікі», якія патрабуюць капітальнага рамонту.
Фота: скрыншот з сайта realt.by
Трохпакаёўкі, якія прадаюць па цэнах да 70 тысяч даляраў, можна пералічыць на пальцах.
Сярэдні кошт метра ў такіх кватэрах паводле рэальных здзелак складае 1330 даляраў. Агулам жа па Мінску квадрат у трохпакаёўках прадаецца ў сярэднім за 1430 даляраў.
Аднак хапае варыянтаў, якія ацэньваюць у больш як 100 тысяч даляраў. Так, напрыклад, трохпакаёвую хрушчоўку на 58,4 м² па адрасе Партызанскі праспект, 39 прадаюць за 115 тысяч.
Інтэр'еры хрушчоўкі за 115 тысяч даляраў. Фота: realt.by
На высокую цану паўплывалі адразу некалькі фактараў: размяшчэнне ў цэнтральнай частцы горада, перапланіроўка і добры сучасны рамонт. У дадатак сам дом цагляны, а не панэльны, ды яшчэ і пасля капітальнага рамонту ў 2023 годзе.
Паглядзець, як беларусы робяць з хрушчовак сучасныя еўракватэры можна тут.
Чытайце таксама:
У Беларусі збіраюцца праводзіць рэнавацыю па шляху Расіі — зносіць хрушчоўкі і перасяляць жыхароў
Досвед Масквы. Што абвешчаная рэнавацыя можа прынесці гарадам Беларусі
Як беларусы робяць з хрушчовак сучасныя еўракватэры ФОТЫ