БЕЛ Ł РУС

Дарадца Трампа расказаў, калі ЗША могуць размарозіць вайсковую дапамогу Украіне

5.03.2025 / 20:9

Nashaniva.com

Дарадца прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па пытаннях нацыянальнай бяспекі Майк Уолц заявіў, што размарозка вайсковай дапамогі Украіне можа быць разгледжаная ў выпадку поспеху ў арганізацыі мірных перамоваў, а таксама калі будуць прынятыя захады «для ўмацавання даверу». Заяву прадстаўніка адміністрацыі Трампа прыводзіць Reuters.

Майк Уолц. Фота: AP Photo/Jose Luis Magana

Паводле слоў Уолца, Трамп «уважліва разгледзіць» магчымасць размарозіць пастаўкі вайсковай дапамогі Украіне.

«Я думаю, калі мы зможам правесці перамовы і прасунуцца да іх, а таксама выкласці на стол некаторыя меры па ўмацаванні даверу, тады прэзідэнт разгледзіць магчымасць адмены паўзы», — сказаў Майк Уолц.

Паводле яго слоў, афіцыйныя асобы абмяркоўваюць дату, месца і каманду перагаворшчыкаў, якія б прывялі да спынення вайны.

«Мы ўжо гаворым пра меры па ўмацаванні даверу, якія потым перададзім расіянам і праверым іх на трываласць», — сказаў ён, не ўдакладніўшы, якія меры ён мае на ўвазе.

Уолц таксама дадаў, што адміністрацыя Трампа павінна ведаць, «што абодва бакі шчыра вядуць перамовы пра частковы, а пасля і пастаянны мір».

4 сакавіка амерыканскія СМІ даведаліся пра распараджэнне Трампа прыпыніць усю вайсковую дапамогу Украіне, пакуль ён не ўбачыць, што кіраўніцтва Украіны «дэманструе добрую волю да міру». Рашэнне тычыцца ў тым ліку зброі, якая ўжо пакінула тэрыторыю ЗША і накіроўвалася да ўкраінскай мяжы.

Таксама сёння стала вядома, што ЗША прыпынілі абмен разведвальнымі данымі з Украінай. 

Чытайце таксама:

Паўза ці канец? Што азначае рашэнне ЗША прыпыніць дапамогу Украіне

Пазняк патлумачыў, чаму Трамп усё робіць правільна

Кавалеўскі: Трэба аддаць належнае Дональду Трампу — ён разварушыў сітуацыю, прымусіў дзейнічаць

«Залаты век Амерыкі толькі пачаўся». Выступ Трампа перад Кангрэсам стаў самым працяглым у гісторыі

«Рэйган пераварочваецца ў труне». Дэмакраты даручылі адказваць Трампу сенатарцы, чый прадзед уцёк у Амерыку з Койданава

Каментары да артыкула