Залужны: ЗША руйнуюць сусветны парадак, а Расія прыйдзе па Еўропу
Пасол Украіны ў Вялікабрытаніі, экс-галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны пракаментаваў палітыку новага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, абвінаваціўшы Злучаныя Штаты ў «разбурэнні сусветнага парадку». Адпаведную заяву Залужны зрабіў падчас выступу ў Каралеўскім інстытуце міжнародных адносін (Chatham House), піша The Times.
Валерый Залужны. Фота: AP Photo / Efrem Lukatsky
«Не толькі вось зла спрабуе перагледзець сусветны парадак… ЗША руйнуюць сусветны парадак. Відавочна, што Белы дом паставіў пад сумнеў адзінства ўсяго Заходняга свету», — заявіў Залужны.
На яго думку, «цяпер Вашынгтон спрабуе перадаць пытанні бяспекі Еўропе без удзелу ЗША».
Былы галоўнакамандуючы УСУ адзначыў, што НАТА можа спыніць сваё існаванне, а «Расія прыйдзе па Еўропу», піша The Times.
Валерыя Залужнага, былога галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі Украіны, многія эксперты называюць будучай заменай прэзідэнту Зяленскаму.