Трамп працягнуў гандлёвую вайну супраць Канады і зноў заявіў пра 51-шы штат як мэту
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аб'явіў пра новыя меры супраць Канады ў адказ на ўведзены канадскай правінцыяй Антарыа 25-працэнтны падатак на электраэнергію для Злучаных Штатаў.
Дональд Трамп. Фота: Anna Moneymaker / Getty Images
Трамп напісаў у сваёй сацсетцы Truth Social, што даручыў міністру гандлю з 12 сакавіка павысіць мыты на канадскія сталь і алюміній да 50% і не выключае ўвядзення новых абмежаванняў. Таксама ён запатрабаваў ад Канады неадкладна знізіць мыты на амерыканскую малочную прадукцыю, назваўшы іх абуральнымі.
«Калі Канада не адменіць іншыя абуральныя і даўно дзейныя пошліны, 2 красавіка я істотна павялічу мыты на аўтамабілі, што ўвозяцца ў ЗША, што, па сутнасці, назаўжды закрые аўтамабільную вытворчасць у Канадзе», — адзначыў Трамп.
Па словах амерыканскага прэзідэнта, «адзінае, што мае сэнс, — гэта каб Канада стала нашым запаветным 51-м штатам».
«Гэта прывядзе да поўнага знікнення ўсіх тарыфаў і ўсяго астатняга. Падаткі канадцаў будуць істотна зменшаныя, яны будуць больш абароненыя ў ваенных і іншых адносінах, чым калі-небудзь раней, больш не будзе праблемы паўночнай мяжы, а найвялікшая і самая магутная краіна ў свеце стане большай, лепшай і мацнейшай, чым калі-небудзь — і Канада будзе граць у гэтым вялікую ролю», — напісаў Трамп.
25%-я мыты Трампа на тавары з Мексікі і Канады, а таксама падваенне раней запланаваных мытаў на кітайскія тавары, да 20%, набылі моц 4 сакавіка. Канада прыняла выклік амерыканскай адміністрацыі і ўступіла ў абвешчаную ёй гандлёвую вайну. У адказ на новыя тарыфы ЗША Канада ўвяла 25% пошліны на амерыканскія тавары на суму 155 мільярдаў даляраў.
Чытайце таксама:
Новым прэм'ерам Канады стане былы кіраўнік Банка Англіі
«No Donald Trump!» Канадцы пераспявалі фінскую песню «Njet Molotov» 1939 года
ЗША не першы раз у гісторыі вядуць гандлёвыя войны. Ці прыносілі поспех папярэднія?
Канада адказала Трампу на мыты ўвядзеннем сваіх. Трамп абяцае свае падвоіць