БЕЛ Ł РУС

З сакавіка ўзмацнілі кантроль на літоўскай мяжы? Вось што кажуць

13.03.2025 / 9:0

Nashaniva.com

Аўтобусны сэрвіс «Атлас» папярэджвае пасажыраў пра ўзмацненне кантролю на літоўскай мяжы. А што кажуць у памежных чатах і на літоўскай мытні? Ці сапраўды нешта змянілася?

У тэлеграм-канале аўтобуснага сэрвісу «Атлас» з’явілася папярэджанне: «Паступаюць паведамленні аб тым, што Літва ўзмацніла кантроль для тых, хто ўязджае з Беларусі. У цэнтры ўвагі — забароненыя да ўвозу тавары. Нагадаем, у спісе такіх больш за 2800 пазіцый. У тым ліку і прадукты харчавання: мясная і малочная прадукцыя, яйкі, арэхі і нават знакамітыя беларускія прысмакі, якія раней былі папулярным сувенірам».

«Правяраюць сур'ёзна, можна нават сказаць, жорстка трасуць багаж пасажыраў», — цытуе тэлеграм-канал кіроўцаў міжнародных аўтобусаў кампаній-партнёраў «Атласа».

Пры гэтым сцвярджаецца, што ўзмацненне праверак асабліва не адбілася на часе праходжання мяжы (бо большасць пасажыраў ведае, што нельга з сабой браць). Па даных «Атласа», беларуска-літоўскую мяжу аўтобус у сярэднім праходзіць за 2-3 гадзіны.

У памежных чатах асаблівай панікі не назіраецца. Але час ад часу сустракаюцца паведамленні, што з пачатку сакавіка літоўскай мытнікі пачалі ў асобных выпадках складаць пратакол аб адміністрацыйным парушэнні.

«Калі раней кавалак каўбасы маглі проста папрасіць выкінуць, то зараз, калі не пашанцуе са зменай, можна атрымаць пратакол, штраф і на разварот», — піша ў чаце адзін з вандроўнікаў.

Іншы распавядае, што ў гэтым месяцы ў непрыемную сітуацыю трапілі яго знаёмыя: «Сябры ехалі з Беларусі ў Літву, везлі бутэльку гарэлкі ў падарунак. На літоўскім баку склалі пратакол, завялі адміністрацыйную справу, сказалі, што суд вырашыць, які штраф».

З водгукаў тых, хто нядаўна ездзіў праз Літву, вынікае, што строгасць праверкі залежыць ад змены, на якую трапіш. Не заўсёды пільна надглядаюць і патрабуюць выкідаць прадукты.

Літоўскія мытнікі тлумачаць, што новага закона наконт праходжання мяжы не прымалася. Дзейнічае ўся тая ж забарона на ўвоз прадуктаў і напояў з Беларусі, якую Літва ўвяла яшчэ ў чэрвені 2024 года.

Забарона не распаўсюджваецца на тавары, якія пасажыр выкарыстоўвае падчас паездкі (прадукты вагой не больш за 2 кілаграмы) у адкрытых упакоўках. Умоўна кажучы, калі ў вас у сумцы адкрыты пачак печыва, які вы ясце па дарозе з Мінска ў Вільню, прэтэнзій з боку літоўскай мытні да вас не будзе.

Па законе ў выпадку, калі мытнікі зловяць вас на спробе ўтойвання тавараў, забароненых да ўвозу, яны могуць скласці адміністрацыйны пратакол.

Чытайце таксама:

«Пакінулі толькі адну цыгарэту». Што цяпер адбываецца пры пераходзе беларуска-літоўскай мяжы

«Параілі хаця б раз на год прыязджаць». Беларус не быў у краіне 2,5 года і трапіў на допыт на мяжы

Брытанскі блогер, які змагаўся за беларускі ДНЖ і хадзіў да Кубракова, усё ж выехаў з Беларусі. Выпусцілі не з першай спробы

«Тэлефануйце дзецям, прасіце вярнуцца ў Беларусь». Беларусы на мяжы сутыкнуліся з новай праверкай

Каментары да артыкула