З чацвёртай спробы прадалі на аўкцыёне дом Цапкалаў
На 9 красавіка быў прызначаны ўжо чацвёрты па ліку аўкцыён па продажы дома ў Мінску, які належыць сям’і Цапкалаў. У выніку дом прадалі за цану амаль удвая меншую, чым прапаноўвалі падчас першага аўкцыёну, піша «Радыё Свабода».
Фота: e-auction.by
Пачатковы кошт выстаўленага лота быў 841,6 тысячы рублёў. За тое, каб набыць дом, змагаліся тры ўдзельнікі аўкцыёну. У выніку аўкцыён адбыўся — дом Цапкалаў прадалі за 1 157 200 беларускіх рублёў (каля 337 тысяч еўра ці амаль 368 тысяч даляраў паводле курсу Нацбанка Беларусі).
Дом сям’і Цапкалаў знаходзіцца ў мікрараёне Сляпянка ў Мінску. Да гэтага яго яшчэ тройчы спрабавалі прадаць на аўкцыёне — 20 лістапада і 19 снежня 2024-га, 15 студзеня 2025 года. Першы раз пачатковы кошт лота быў 2 104 000 рублёў, другі раз кошт панізілі да 1 683 200 рублёў, трэці раз — да 1 262 400 рублёў. Усе тры разы таргі не адбыліся — не знайшлося ахвотных набыць дом.
У лот уваходзілі: двухпавярховы будынак № 7 плошчай амаль 420 «квадратаў» на вуліцы Цяплічнай у Мінску (унутры ёсць часткова мэбля і прадметы інтэр’еру), а таксама зямельны ўчастак з гаспадарчымі будынкамі, плошчай 0,1411 га. У доме зарэгістраваныя тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх дзяцей.
У доме былі зарэгістраваны тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх дзяцей.
У красавіку 2024 года з другой спробы таксама прадалі трохпакаёвую кватэру сям’і Цапкалаў у доме № 5 на вуліцы Чарнышэўскага ў Мінску. Першыя таргі таксама праваліліся — ахвотных не было. Пры другой спробе, пасля паніжэння кошту, яны з’явіліся.
Чытайце таксама:
Сям'я Цапкалаў легалізавалася ў Албаніі
Арыштаваны дом Цапкалаў зноў паспрабуюць прадаць на таргах. Цану значна знізілі
Цапкала расказаў, што на грэчаскай мяжы яго абвінавацілі ў крадзяжы аўтамабіля