БЕЛ Ł РУС

«Зрабілі абсалютна жахлівую працу». Трамп зноў абвінаваціў у пачатку вайны ва Украіне Зяленскага і Байдэна

14.04.2025 / 19:47

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зноў усклаў адказнасць за пачатак вайны ва Украіне на ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і свайго папярэдніка Джо Байдэна. Пра гэта ён напісаў у сваёй сацсетцы Truth Social.

Дональд Трамп. Фота: Kevin Dietsch/Getty Images

Дональд Трамп назваў вайну Расіі супраць Украіны «пародыяй», а Зяленскі і «крыварукі Байдэн», маўляў, мелі «так шмат спосабаў» прадухіліць яе. Сам жа Трамп нібыта не мае ніякага дачынення да гэтай вайны, хоць і «старанна працуе, каб спыніць смерць і разбурэнне».

Па словах Трампа, падчас сваёй першай кадэнцыі ён «не меў ніякіх праблем з тым, каб прадухіліць вайну», бо расійскі лідар Уладзімір Пуцін «і ўсе астатнія паважалі» яго. Але

«прэзідэнт Зеленскі і крыварукі Джо Байдэн зрабілі абсалютна жахлівую працу, дазволіўшы гэтай пародыі пачацца».

Таксама амерыканскі прэзідэнт чарговы раз заявіў пра фальсіфікацыю выбараў у 2020 годзе, калі ён прайграў Байдэну, дадаўшы, што калі б ён змог пераабрацца, вайны ва Украіне ніколі б не адбылося.

Пасля на прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Сальвадора Наібам Букеле ў Авальным кабінеце Трамп усё ж далучыў да ліку вінаватых у вайне ва Украіне і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, паставіўшы яго на першае месца.

«Мільёны загінулых — з-за трох чалавек. Скажам, Пуцін — нумар адзін. Скажам, Байдэн, які наогул не разумеў, што робіць, — нумар два. І Зяленскі», — сказаў амерыканскі прэзідэнт.

Ён таксама раскрытыкаваў імкненне ўкраінскага прэзідэнта атрымаць для сваёй краіны ваенную дапамогу.

«Ён заўсёды імкнецца купіць ракеты. Калі вы пачынаеце вайну, вы павінны ведаць, што можаце атрымаць перамогу. Ты не пачынаеш вайну супраць кагосьці, хто ў 20 разоў большы за цябе, а потым спадзяешся, што людзі дадуць табе нейкія ракеты», — так Трамп апісаў Зяленскага.

Чытайце таксама:

Еўрапейскія кампаніі з-за палітыкі Трампа могуць вярнуцца да супрацоўніцтва з «Газпрамам»

Зяленскі заявіў, што Украіна гатова купіць 10 комплексаў Patriot за 15 мільярдаў долараў, але ЗША не прадаюць

«Мне сказалі, што яны зрабілі памылку». Трамп пракаментаваў удар па Сумах, але Расію не згадаў

Каментары да артыкула