У тыктокераў новы трэнд: прыязджаць у аэрапорт у апошні момант. Шанцуе не ўсім
У апошні месяц тыкток ахапіў трэнд airport theory («тэорыя аэрапорта»). Паводле гэтай тэорыі, падарожнікам дастаткова прыбыць у аэрапорт за 15 хвілін да вылету, каб без праблем трапіць на борт і пры гэтым не праводзіць некалькі гадзін у тэрмінале.
Калаж: euroavia.ru
Адным з першых гэту тэорыю праверыў блогер Майкл Дзікастанца. Ён зрабіў гэта ў адным з самых загружаных аэрапортаў ЗША — Хартсфілд-Джэксане ў Атланце.
Тыктокер паспяхова дабраўся да выхаду на пасадку за 14 хвілін 57 секундаў. Пры гэтым аўтар роліка загадзя прайшоў праверку бяспекі з дапамогай TSA PreCheck і не здаваў багаж. Праз гэта многія раскрытыкавалі відэа Дзікастанца.
«У цябе быў PreCheck, ты не рэгістраваў торбу і ляцеў з найбліжэйшага тэрмінала? Цяпер паўтары гэта не ў самай аптымальнай сітуацыі», — напісаў адзін з каментатараў.
Іншыя блогеры перасцераглі ад падобных эксперыментаў пасля таго, як спазніліся на самалёт.
«Усім, хто хоча праверыць «тэорыю аэрапорта»: не рабіце гэтага. Я прапусціла свой рэйс», — заявіла ў роліку дзяўчына па імені Джэні Курц.
Знайшлося мноства карыстальнікаў, якія правялі аналагічны вопыт і паспелі на рэйсы, але ўсё адно параілі іншым не паўтараць яго.
«Праверылі. Амаль спазніліся на самалёт. Дакладна не рэкамендую», — напісала карыстальніца @momlifewithtiff.
У большасці відэа амерыканцаў гаворка ідзе пра ўнутраныя рэйсы. Таму аўтарам ролікаў не патрабуецца траціць час на пашпартны кантроль.
Трэвел-кансультантка Ніколь Кампой Джэксан лічыць, што нават з улікам гэтага трэнд не прывядзе людзей ні да чаго добрага.
«Дастаткова аднаго прапушчанага рэйса, каб зразумець, што гэта бессэнсоўны і рызыкоўны трэнд. Праверка гэтай тэорыі — гарантаваны спосаб спазніцца», — сказала яна ў размове з выданнем People.
Джэксан адзначыла, што выдатна разумее, чаму людзі хочуць праверыць «тэорыю аэрапорта».
«Вопыт пералётаў стаў настолькі жахлівым, што людзі адчайна імкнуцца правесці ў аэрапортах як мага менш часу. Сядзець у нязручных крэслах побач з разеткамі, якія працуюць праз раз, есці пасрэдную і дарагую ежу — усё гэта не вельмі прыемна. Я іх разумею!» — прызналася яна.
Аднак экспертка настойвае, што прыязджаць у аэрапорт варта не пазней, чым за гадзіну да вылету свайго рэйса.
«У аэрапорце можна сутыкнуцца з мноствам нязручнасцяў: ад дадатковай праверкі сумак, завіслага камп'ютара, які затрымлівае рэгістрацыю, да доўгай чаргі на дагляд (нават пры наяўнасці TSA PreCheck). 15 хвілін не хопіць, каб з імі разабрацца», — сказала Джэксан.
Чытайце таксама:
«Не ўзнагароджвай сябе ежай, ты не жывёла». Тыктокеркі запусцілі трэнд на хваравітую худзізну
«Робяць дарослы голас, хлусяць пра маму». Навошта мінскім школьнікам масава спатрэбіліся шчанюкі?
Відэа дзяўчыны з адной нагой завірусіліся ў тыктоку. У яе кранальная гісторыя