БЕЛ Ł РУС

Меляшкевіч: Мы стаялі побач з Пачобутам, і ён гаварыў, што будзе з намі, калі будуць прабіваць Сувальскі калідор

16.04.2025 / 13:30

Nashaniva.com

Палітзняволены гродзенскі журналіст Анджэй Пачобут сустракае за кратамі пяты дзень народзінаў. Сёння яму споўнілася 52 гады. Яго асудзілі за «распальванні нацыянальнай варожасці» і «рэабілітацыі нацызму». 8 лютага 2023 года суддзя Дзмітрый Бубенчык прызначыў яму восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Юрась Меляшкевіч, які перасякаўся з ім у турме Гродна, расказаў пра размовы з ім.

Анджэю Пачобуту сёння 52 гады. Мы пазнаёміліся ў калідорах гарадзенскай турмы №1. Адзін раз нас выводзілі на «кабінеты», мы стаялі побач даволі доўга і перамаўляліся пра розныя сумныя сюжэты.

Была восень 2022 год, і па турме паўзлі чуткі, што Лукашэнка ўцягне Беларусь у вайну, што будзе напад на Польшчу і Літву, каб прабіць Сувальскі калідор.

Анджэй спакойна разважаў, што ў такіх варунках палітычным у памежных турмах можа быць кепска, гісторыя нападу нацыстаў на СССР таму прыклад, тады бальшавікі знішчылі палітычных вязняў з мінскай і глыбокскай турмаў.

Дзіўным спосабам гэтыя развагі перапляталіся з эпізодам маёй сямейнай гісторыі, калі ў чэрвені 1941 года мой прадзед Мікалай Меляшкевіч, вязень баранавіцкай турмы НКВД, пазбег 8 гадоў лагераў за антысавецкую агітацыю. Ахова турмы проста разбеглася пад бамбардзіроўкамі немцаў. Такім арыштанцкім аптымізмам я падзяліўся з Анджэем, каб разбавіць цяжкую размову.

Наступным разам мы сустрэліся, калі Анджэй знаёміўся з матэрыяламі сваёй крымінальнай справы. Ён рыхтаваў скаргу і дэтальна вывучаў аргументацыю і дакументы следчых і пракурораў. З яго слоў, у матэрыялах справы ўсплыло вельмі шмат цікавага, бо артыкул «распальванне варожасці» яму спрабавалі «прышыць», цягаючы сведчанні з ягоных публікацый пра дзеянні Арміі Краёвай і спалучаючы іх з дакументамі з архіваў КДБ і іншых устаноў. Таму знаёміўся Анджэй са справай вельмі доўга, шмат пісаў, шмат занатоўваў. Упэўнены, што ў будучым гэта адгукнецца ў выглядзе масіваў новых гістарычных даследаванняў.

Яшчэ пару разоў мы з ім перакрыкваліся на прагулках, калі «прабівалі» суседнія дворыкі. Можа, раз ці два перамаўляліся «па трубе», калі ён знаходзіўся ў суседняй камеры.

Маё ўражанне ад Анджэя кожны раз было адное і тое ж, ніякія турэмныя выпрабаванні, пагрозы і цяжкасці не падламілі яго. Упэўнены, і зараз ён працягвае стаяць на сваім, адмаўляе сваю вінаватасць, выступае супраць выгнання сябе як паляка і грамадзяніна Беларусі са сваёй краіны.

Уласна, таму яму і абмяжоўваюць права на сустрэчы, блакуюць гарантаваную перапіску, парушаюць самыя базавыя і нешматлікія правы чалавека, які знаходзіцца ў вязніцы. Улады не могуць дараваць яму такую настойлівасць і ўпэўненасць у сваёй праваце. Але ж усё скончыцца, спадзяюся, скончыцца чым хутчэй. Вельмі хачу, каб Анджэй вярнуўся дадому, да сваёй сям’і, да сваёй працы, да ўсіх нас. Няхай наступны дзень нараджэння, дарагі Анджэй, будзе дома, сярод самых любімых і дарагіх табе людзей!

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула