БЕЛ Ł РУС

Бачыш зайчаня? Не падбірай!

18.04.2025 / 19:52

Nashaniva.com

Зайчаняты нараджаюцца з ранняй вясны і да позняй восені. Людзі, бывае, знаходзяць іх у траве і, каб «выратаваць», часта забіраюць дадому. Але так рабіць ні ў якім разе нельга, піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».

Зайчаня зайца-русака. Фота: Віктар Петрачэнка / Wikimedia Commons

Зайчыха знаходзіць і корміць сваіх малых вельмі тлустым малаком раз на некалькі дзён. Калі сустрэне чужых зайчанят такога ж узросту — таксама іх пакорміць. Праз 2 тыдні малыя жывёліны пачынаюць самі скубаць траву, а ва ўзросце 3-4 тыдні робяцца цалкам самастойнымі.

Калі знойдзеце зайчаня, то найлепшае, што можна тут зрабіць — ціха з таго месца пайсці. Не чапайце яго, бо пакінеце свой пах, які можа прыцягнуць да звярка драпежнікаў. У зайцоў, дарэчы, потавыя залозы ёсць толькі на падэшвах, таму самі яны не пахнуць, калі не рухаюцца.

Калі ж нехта ўсё ж падабраў зайчаня, то парайце вярнуць яго як мага хутчэй прыкладна ў тое ж месца. І памятайце: за несанкцыянаванае забіранне дзікіх звяроў з прыроды прадугледжана адказнасць.

Чытайце таксама:

Пад Магілёвам жанчына ўратавала з падпаленай травы зайчаня ВІДЭА

Як паводзіць сябе пры сустрэчы з дзікімі жывёламі — раяць спецыяліст і бывалы паляўнічы

Шведскія ласі мігруюць. За гэтым у прамым эфіры сочаць мільёны жыхароў краіны

Каментары да артыкула