БЕЛ Ł РУС

З клумбы ў Гомелі сталі прападаць кветкі. Хулігана знайшлі, але з яго нічога не возьмеш

25.04.2025 / 22:59

Nashaniva.com

Незвычайны кветкавы злодзей стаў хадзіць на тэрыторыю Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, паведамляе БелТА.

Фота з відэакамеры Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа

Дырэктар медкаледжа Міхаіл Змушка паведаміў, што гэтай вясной ва ўстанове традыцыйна ўпарадкавалі тэрыторыю, стварыўшы кветкавую кампазіцыю каля цэнтральнага ўваходу. Але пасля таго некалькі разоў расліны знікалі. Давялося праводзіць невялікае расследаванне.

«Некалькі дзён таму на гэтым участку паставілі камеры відэаназірання. І праз пару сутак атрымалі вынік. Знаўцу кветкавых кампазіцый камера зняла мінулай ноччу. У 01.30 да клумбы наблізілася куніца», — з усмешкай расказаў Міхаіл Змушка.

На відэазапісе відаць, як пухнаты звярок падышоў да высокай двух'яруснай клумбы. Зрабіў круг па бардзюры-акантоўцы, а пасля нырнуў у самы цэнтр, затрымаўшыся там літаральна на некалькі хвілін і ўнёсшы карэктывы ў задумы стваральнікаў кветніка.

Нешта рабіць супраць звярка ў каледжы не сталі, але выказалі надзею, што госцем ён будзе нячастым.

Чытайце таксама:

Разборкі на Шчучыншчыне. Як кот Васіль прагнаў з агарода лісу ВІДЭА

У Гродзенскую міліцыю пранік незвычайны «дыверсант» ВІДЭА

У «Мінск-Свеце» пабачылі дзіўную жывёлу: мінчукі спрачаюцца, хто гэта можа быць

Пад Баранавічамі заўважылі незвычайную жывёлінку

Экзатычныя канкурэнты коцікаў. Якіх незвычайных хатніх гадаванцаў можна сустрэць у беларускай правінцыі

Каментары да артыкула