У Вільні прайшоў «Чарнобыльскі шлях» з удзелам украінцаў і літоўцаў
Беларусы ў нядзелю ў Вільні разам з украінцамі, літоўцамі і прадстаўнікамі міжнародных арганізацый ушанавалі памяць ахвяр Чарнобыльскай катастрофы і заклікалі да бяз'ядзернай будучыні.
Усе фота: viacorka / Telegram
У нядзелю, 27 красавіка, на плошчы Кудзіркі ў Вільні адбыўся мітынг у межах акцыі «Чарнобыльскі шлях-2025». Акцыю пачалі з выканання гімнаў Беларусі, Украіны і Літвы, падкрэсліваючы салідарнасць народаў у змаганні за мірную і бяспечную будучыню, напісаў палітык Франак Вячорка.
Удзельнікі ўшанавалі памяць ахвяр Чарнобыльскай катастрофы, выступілі супраць размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі, заклікалі да паэтапнага вываду з эксплуатацыі БелАЭС і выказалі салідарнасць з украінскім народам, які адчувае ядзерную пагрозу падчас вайны.
Пасля афіцыйнай часткі адбыўся антыядзерны роварны прабег, удзельнікі звярталі ўвагу мінакоў на небяспеку ядзерных пагроз у нашым рэгіёне.