БЕЛ Ł РУС

У Іспаніі праз адсутнасць электрычнасці аб'явілі надзвычайнае становішча, сітуацыя застаецца складанай

28.04.2025 / 22:46

Nashaniva.com

На фоне татальнага блэкаўта ў Іспаніі з-за адключэння электрычнасці мясцовыя ўлады абвясцілі надзвычайнае становішча ў некаторых рэгіёнах. Значная частка краіны застаецца без святла і электраэнергіі ўжо больш за 8 гадзін. Тое ж самае і ў Партугаліі.

Фота: AP Photo/Miguel Oses

Прэм'ер-міністр Іспаніі Пэдра Санчэс абвясціў рэжым надзвычайнай сітуацыі ў трох рэгіёнах краіны, якія звярнуліся з просьбай. Ён аб'явіў, што Міністэрства ўнутраных спраў бярэ на сябе кіраўніцтва ў Андалусіі, Эстрэмадуры і Мадрыдзе.

Старшыня іспанскага ўрада заклікаў грамадзян устрымацца ад паездак і тэлефонных званкоў.

Мэр Мадрыда Хасэ Луіс Марцінес Альмейда папрасіў накіраваць у сталіцу Іспаніі армейскія падраздзяленні, каб вайскоўцы дапамаглі справіцца з наступствамі маштабнага адключэння электрычнасці.

Іспанскі аператар Red Electrica паведаміў, што на аднаўленне электразабеспячэння спатрэбіцца ад 6 да 10 гадзін. У сваю чаргу аператар электрасеткі Партугаліі заявіў, што на поўную нармалізацыю працы можа пайсці тыдзень.

«Падача электраэнергіі паступова аднаўляецца ва ўсіх электрычных зонах краіны, 45% падстанцый перадаючых сетак ўжо знаходзяцца пад напругай», — удакладняецца ў заяве Red Electrica ў сацыяльнай сетцы X.

Паступовае аднаўленне электраэнергіі з Іспаніі стала магчымым дзякуючы дапамозе Францыі і Марока, але складаная сітуацыя захоўваецца. Больш за 5,5 тысяч МВт электраэнергіі ў Іспаніі забяспечваецца за кошт аўтаномнай вытворчасці або знешняй падтрымкі з боку Францыі, паведаміла Red Electrica.

У Іспаніі і Партугаліі закрытыя аптэкі і крамы, увесь грамадскі транспарт у краіне перастаў працаваць, у аэрапортах выстройваюцца кіламетровыя чэргі на таксі, людзі стаяць у чэргах, каб зарадзіць тэлефоны. 

Безнаяўная аплата недаступная: карты больш не прымаюць, а большасць банкаматаў адключаная.

У крамах заканчваецца вада, цана на паўэрбанкі даходзіць да 12 тысяч еўра, не ўсюды можна заправіцца, таму што насосы працуюць ад электрычнасці, у некаторых месцах праблемы з каналізацыяй. Ліфты абясточаныя, мноства людзей захрасла ў іх усярэдзіне без магчымасці выбрацца.

Мабільная сувязь яшчэ абмежавана працуе, але ў найбліжэйшыя гадзіны мабільны інтэрнэт адключыцца, бо паліва для аварыйных генератараў амаль заканчваецца.

35 тысяч чалавек з цягнікоў, якія сталі на пуцях пасля адключэння электрычнасці, плануе эвакуяваць іспанскі аператар чыгунак Renfe. Больш за 200 рэйсаў скасаваныя або затрыманыя ў аэрапорце Лісабона ў Партугаліі.

Прыкмет кібератакі ў Іспаніі і Партугаліі няма, заявіў старшыня Еўрарады Антоніу Кошта. Па ягоных словах, «аператары электрасетак у абедзвюх краінах працуюць над пошукам прычыны і аднаўленнем падачы электраэнергіі».

Чытайце таксама:

У Іспаніі і Партугаліі знікла электрычнасць

Прычынай аварыі на еўрапейскіх электрасетках магла стаць рэдкая атмасферная з'ява

«Баюся, ноччу могуць пачацца марадзёрствы». Беларусы Іспаніі і Партугаліі расказалі, як перажываюць глабальны блэкаўт

Каментары да артыкула