БЕЛ Ł РУС

Вушная сера можа шмат расказаць пра ваша здароўе

30.04.2025 / 18:57

Nashaniva.com

Ад хваробы Альцгеймера да раку — вушная сера ўтрымлівае каштоўныя даныя пра стан здароўя. Цяпер навукоўцы аналізуюць яе хімічны склад у надзеі знайсці новыя спосабы дыягностыкі хвароб.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Getty Images

Вушная сера — аранжавае, ліпкае рэчыва, пра якое мала каму хочацца гаварыць. Але цяпер яна ўсё больш цікавіць навукоўцаў.

Яны лічаць, што сера можа дапамагчы вывучаць захворванні, такія як рак, сардэчныя хваробы і парушэнні абмену рэчываў, у тым ліку дыябет другога тыпу.

Сама вушная сера, або цэрумен, — гэта сумесь сакрэтаў дзвюх залоз, якія пакрываюць сценкі знешняга слыхавога канала. Яна змешваецца з валасінкамі, лускавінкамі мёртвай скуры і іншымі дробнымі рэшткамі, пакуль маса не становіцца такой васковай, якой мы яе ведаем.

Пасля таго як сера ўтвараецца, яна рухаецца да вонкавага боку вуха разам са скуранымі клеткамі. Гэта адбываецца вельмі павольна — прыкладна на адну дваццатую міліметра за дзень.

Навукоўцы яшчэ спрачаюцца пра галоўную функцыю серы, але лічаць, што яна дапамагае падтрымліваць чысціню і вільготнасць у вуху. Таксама яна з'яўляецца пасткай для бактэрый, грыбкоў і казурак. Нягледзячы на карысць, з-за непрывабнага выгляду сера доўгі час заставалася па-за ўвагай даследчыкаў.

Аднак цяпер сітуацыя змяняецца. Навукоўцы выявілі, што вушная сера можа расказаць пра чалавека значна больш, чым здавалася раней: як пра дробязі, так і пра сур'ёзныя рэчы.

Напрыклад, большасць людзей еўрапейскага і афрыканскага паходжання маюць сырую жоўтую або аранжавую серу, а 95% усходнеазіяцкіх людзей — сухую і шэрую. За гэта адказвае ген ABCC11, які таксама вызначае, ці будуць у чалавека смярдзець падпахі. Каля 2% папуляцыі людзей — пераважна з тых, хто мае сухую серу — маюць такую версію гэтага гена, пры якой падпахі зусім не пахнуць.

Але самае цікавае — вушная сера можа даваць падказкі пра стан здароўя чалавека.

Важныя падказкі

У 1971 годзе прафесар Нікалас Л. Петракіс з Універсітэта Каліфорніі ў Сан-Францыска заўважыў, што жанчыны ў ЗША з «сырой» вушной серай (у тым ліку белыя, афраамерыканкі і немкі) мелі прыкладна ў чатыры разы большую рызыку памерці ад раку малочнай залозы, чым японкі і тайванькі з «сухой» серай.

У 2010 годзе даследчыкі з Тэхналагічнага інстытута Токіа даследавалі кроў у 270 японскіх жанчын з ракам малочнай залозы і 273 здаровых валанцёрак. Яны выявілі, што ў хворых жанчын часцей быў ген, звязаны з сырой вушной серай. Аднак наступныя даследаванні ў Германіі, Аўстраліі і Італіі не знайшлі сувязі паміж тыпам серы і рызыкай раку, што часткова можа тлумачыцца малой колькасцю людзей з сухой серай у гэтых краінах.

Больш упэўнена навукоўцы звязваюць вушную серу з некаторымі сістэмнымі захворваннямі. Напрыклад, пры рэдкай генетычнай хваробе — сіндроме мачы з пахам клёнавага сіропу — арганізм не можа расшчапляць асобныя амінакіслоты, што прыводзіць да ўзнікнення характэрнага паху ў мачы. Рэчыва, якое адказвае за гэты пах, называецца саталон, і яго можна выявіць таксама ў вушной серы. Гэта дае магчымасць ставіць дыягназ простым мазком з вуха замест дарагога генетычнага тэсту.

Рабі Эн Муса, хімік з Дзяржаўнага ўніверсітэта Луізіяны, тлумачыць: калі ўжо праз 12 гадзін пасля нараджэння дзіцяці ад яго вушэй ідзе саладжавы пах, гэта сведчыць пра наяўнасць прыроджанага парушэння абмену рэчываў.

Навукоўцы таксама вывучаюць, як з дапамогай вушной серы можна выявіць іншыя хваробы: Covid-19, дыябет першага і другога тыпу, а таксама пэўныя формы сардэчных захворванняў, хоць пакуль прасцей гэта зрабіць праз аналіз крыві.

Яшчэ адна цікавая сувязь — хвароба Меньера, што выклікае галавакружэнне, моцную млоснасць і страту слыху. Людзям з гэтай хваробай становіцца цяжка кіраваць машынай ці самастойна хадзіць. У выніку ў пашкоджаным вуху цалкам знікае слых.

Рабі Эн Муса з камандай выявіла, што ў людзей з хваробай Меньера ў вушной серы ўтрымліваецца менш тлустых кіслот, чым у здаровых людзей. Гэта першы біялагічны маркер гэтай хваробы, які можа значна спрасціць дыягностыку, што раней патрабавала шмат гадоў для выключэння іншых магчымых прычын.

Муса адзначае, што іх даследаванні накіраваны на рэдкія і цяжка дыягнаставальныя хваробы, пры якіх традыцыйныя аналізы крыві або мачы малаэфектыўныя.

А чаму менавіта вушная сера такая каштоўная? Таму што яна назапашвае інфармацыю пра хімічныя працэсы ў арганізме. Як тлумачыць Нельсан Раберту Антаньёзі Філью з Федэральнага ўніверсітэта Гояса, шмат хвароб звязаныя з парушэннямі метабалізму, напрыклад, дыябет, рак, хвароба Паркінсона і Альцгеймера. Лабараторыя Філью выявіла, што вушная сера канцэнтруе гэтую вялікую разнастайнасць рэчываў мацней, чым іншыя біялагічныя вадкасці, такія, як кроў, мача, пот і слёзы.

«Гэта мае сэнс, бо вушная сера абнаўляецца вельмі павольна», — кажа Брус Кімбал, хімічны эколаг з Цэнтра хімічных адчуванняў Манела, навукова-даследчага інстытута ў Філадэльфіі. «Яна паступова назапашваецца, таму ёсць усе падставы думаць, што гэта добрае месца, каб фіксаваць доўгатэрміновыя змены ў метабалізме».

Складаная дыягностыка

Антаньёзі Філью і яго каманда распрацоўваюць «цэруменаграму» — спецыяльны тэст на падставе аналізу вушной серы, які, па іх словах, можа дакладна выяўляць некаторыя формы раку.

У 2019 годзе даследчыкі сабралі вушную серу ў 52 чалавек з ракам (лімфомай, карцыномай або лейкозам) і ў 50 здаровых удзельнікаў. Яны прааналізавалі ўзоры і выявілі 27 рэчываў, якія дзейнічаюць як своеасаблівы «адбітак пальцаў» для выяўлення раку. Па канцэнтрацыі гэтых рэчываў каманда змагла са 100%-й дакладнасцю вызначыць, у каго быў рак. Аднак гэты тэст пакуль не дазваляе адрозніваць розныя тыпы раку

Антаньёзі Філью тлумачыць, што хаця існуюць розныя віды раку, з боку метабалізму гэта адзін і той жа працэс, які можна выявіць па спецыфічных рэчывах.

Цяпер каманда засяроджваецца на невялікай колькасці малекул, якія выпрацоўваюцца толькі ракавымі клеткамі. Яны таксама паказалі, што «цэруменаграма» можа знаходзіць парушэнні яшчэ на перадракавых стадыях — калі клеткі ўжо змяняюцца, але яшчэ не сталі ракавымі.

Антаньёзі Філью адзначае: калі рак выяўляюць на 1-й стадыі, шанцы на вылячэнне дасягаюць 90%, таму дыягностыка перадракавых змен можа зрабіць лячэнне яшчэ больш паспяховым.

Таксама даследчыкі вывучаюць, ці можна з дапамогай аналізу вушной серы выяўляць метабалічныя змены, звязаныя з пачаткам хвароб Паркінсона і Альцгеймера, але гэта пакуль на раннім этапе.

Антаньёзі Філью спадзяецца, што ў будучыні «цэруменаграма» стане звычайным клінічным аналізам, які людзям будуць праводзіць кожныя шэсць месяцаў.

У Бразіліі ўжо цяпер шпіталь Амарала Карвалью выкарыстоўвае цэруменаграму для дыягностыкі і маніторынгу раку.

Рабі Эн Муса таксама працуе над тым, каб яе даследаванні дапамаглі людзям з хваробай Меньера, ад якой пакуль няма лячэння. Яна плануе спачатку праверыць тэст на большай колькасці пацыентаў, а потым распрацаваць набор для дыягностыкі, які можна будзе выкарыстоўваць у звычайных медыцынскіх кабінетах.

«Мы цяпер працуем над наборам для тэставання, падобным да тых, што прадаюцца без рэцэпту для тэстаў на Covid-19», — кажа Муса.

Аналіз вушной серы

Навукоўцы заўважылі, што ў людзей з пэўнымі хваробамі ў вушной серы значна менш тлустых кіслот (ліпідаў), чым у здаровых. Гэтае назіранне можа падказаць новыя шляхі для даследаванняў, тлумачыць Рабі Эн Муса. «Гэта можа дапамагчы нам зразумець, што выклікае хваробу, або нават падказаць спосабы яе лячэння», — кажа яна.

Муса падкрэслівае, што пакуль яшчэ патрэбна шмат базавых даследаванняў, каб разабрацца, з чаго складаецца нармальная здаровая вушная сера і як яна змяняецца пры розных захворваннях. Яна спадзяецца, што ў будучыні вушную серу будуць аналізаваць у шпіталях гэтак жа рэгулярна, як цяпер аналізуюць кроў.

«Вушная сера — гэта сапраўды выдатная матрыца для выкарыстання, бо яна вельмі багатая на ліпіды, а шмат хвароб з'яўляюцца вынікам парушэння метабалізму ліпідаў», — адзначае Муса.

Пердыта Баран, прафесар з Манчэстэрскага ўніверсітэта, спецыяльна вушную серу не вывучае, але аналізуе іншыя біялагічныя малекулы і таксама лічыць, што ў тэорыі сера можа быць добрай крыніцай інфармацыі пра стан здароўя.

«Рэчывы, якія знаходзяцца ў крыві, звычайна раствараюцца ў вадзе, у той час як вушная сера — гэта вельмі багатая на ліпіды субстанцыя, а ліпіды не любяць ваду», — кажа Баран. — «Таму калі вы даследуеце толькі кроў, вы атрымліваеце толькі палову карціны. А ліпіды — гэта як канарэйкі ў шахце: яны першымі паказваюць на праблемы ў арганізме».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула