Мінчанка папрасіла Кухарава памяняць ёй кватэру праз інфрагук ад суседскага камп'ютара
30 красавіка кіраўнік Мінска Уладзімір Кухараў праводзіў асабісты прыём грамадзян. Адна з наведніц падзялілася дзіўнай праблемай.
Як піша агенцтва «Мінск-Навіны», жанчына, якая жыве ў Фрунзенскім раёне паскардзілася на інфрагук, які турбуе яе на працягу 14 месяцаў. Мінчанка падазрае, што яго крыніца — камп'ютар суседа зверху, і просіць памяняць ёй кватэру.
Уладзімір Кухараў адказаў, што сітуацыю трэба вывучаць. Было адзначана, што інфрагук не распаўсюджваецца кропкава і накіравана, таму яго павінны адчуваць і іншыя суседзі. Таму да жанчыны накіруюць спецыялістаў, якія дапамогуць ёй разабрацца з праблемай.
Праблему ўзяў на асабісты кантроль намеснік галоўнага доктара гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Грыгорый Гецюк.
А вось просьбу мінчанкі памяняць жытло Кухараў адхіліў:
«Ваша кватэра — гэта ваша ўласнасць: мы не можам яе памяняць. Вы, як уласнік, можаце яе прадаць і купіць іншую».
Але і такім адказам жанчына засталася задаволенай:
«Вельмі ўдзячная, што вы звярнулі ўвагу на гэтую праблему, бо, на жаль, не ўсе ўспрымаюць яе сур’ёзна — нямногія знаёмыя з гэтай з’явай. Не заўсёды атрымліваецца яе зафіксаваць і вымераць».