«Паехалі з панам рэдактарам Русланам Кулевічам паглядзець на Гродна. Праз бінокль, бо як жа яшчэ»
Кастусь Шыталь расказаў пра настальгічную выправу на захад Гродзенскага ўзвышша, якое з польскага боку мяжы называюць Сакольскім.
Тут и далей — фоты аўтара
Паехалі сёння з панам рэдактарам Русланам Кулевічам паглядзець на Гродна. Праз бінокль, бо як жа яшчэ.
Неяк у пачатку года старонка Wzgórza Sokólskie апублікавала фота з пагорка, дзе далёка на гарызонце бачныя коміны камбіната «Гродна-Азот».
Апошні ледавік больш за дзесяць тысяч гадоў да нараджэння Хрыста стварыў на самым сваім канцы шэраг пагоркаў, які на польскім баку называюць Сакольскім узвышшам, а на беларускім — Гродзенскім.
— Калі толькі там яшчэ не зрабілі кар’ер. У нас страшна раскопваюць гэтыя Сакольскія ўзгоркі, — кажа праз тэлефон мясцовая жыхарка, да якой я патэлефанаваў, каб дакладна дазнацца пра тое месца.
Праязджаем Саколку. Плошча з камяніцамі, збудаванымі на загад Антонія Тызенгаўза. Праваслаўная царква, збудаваная за грошы Расійскай Імперыі. Званіца, збудаваная асобна ад асноўнага аб’ёму царквы — відаць, каб стварыць уражанне, што храм большы, чым ёсць.
Затрымліваемся каля касцёла, вядомага з фільмаў «У Госпада Бога ў Каралеўскім Мосце», і з цуду, які здарыўся ў 2008 годзе. Камунікант зваліўся быў на падлогу, а калі яго з пашанай узнялі і спрабавалі распусціць у вадзе ў адмысловым начынні — а праз нейкі час там знайшлі кавалак тканкі. Медыкі з акадэміі ў Беластоку зрабілі даследаванне, і выявілася, што гэта тканка чалавечага сэрца.
Над уваходам вялікая мазаіка з выявай Маці Божай Вастрабрамскай.
Касцёл у Саколцы з выявай Маці Божай Астрабрамскай на франтоне
Заходжу ў касцёл, каб памаліцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, і перад абразом Езуса Міласэрнага, які намаляваў мастак Людамір Сляндзінскі на замову ксяндза Міхала Сапоцькі.
Спыняемся ў вёсцы Маева, дзе ўзносіцца пабудаваны ў 1926 годзе з валуноў ад таго ледавіка касцёл Маці Божай Чанстахоўскай. Пра гэты касцёл я ўпершыню прачытаў у віленскіх беларускіх газетах з 1930-х гадоў.
Касцёл у Маеве
Урэшце, прыязджаем у вёску Садова. Нас сустракае мясцовы жыхар, уладальнік пляцоўкі для пэйнтбола. На ягоным пляцы падымаемся на пагорак. Перад намі на гарызонце разлягаюцца вялізныя прасторы лясоў.
Узыходзім на невялічкую аглядальную пляцоўку. Гаспадар дае бінокль. Праз яго нядрэнна бачныя коміны «Гродна-Азота», але болей нічога разгледзець не ўдаецца.
— Чым займаецеся? — пытаецца Руслан Кулевіч у гаспадара.
— А, трохі тым, трохі гэтым. Тартак раней меў, але цяпер толькі для сябе пілую. Пчол гадую. Авечак. Вось гэтая завецца Марыся, — сказаў гаспадар, адамкнуўшы хляўчык тут жа побач і закінуўшы авечкам трохі травы.
Ад’язджаем.
— Шчыра кажучы, чакаў трохі большага, — кажа Руслан.
«Чаго тут чакаць, ці ж з такой адлегласці можна разгледзець вежы Фарнага касцёла», — падумаў я сабе.
Але паглядзець на гарадзенскую Фару ў гэтых ваколіцах можна. Дакладней, на яе прыбліжаную копію. Дамінікане ў другой палове XVIII стагоддзя збудавалі ў Ружанымстоку касцёл на ўзор езуіцкай святыні ў Гродне. Выгляд і прапорцыі абодвух касцёлаў надта падобныя.
Храм у Ружанымстоку надта падобны да гарадзенскай Фары. Некалі то была адна зямля
У 1652 годзе гаспадар тутэйшага двара Шчасны Тышкевіч замовіў у мастака ў Гродне абраз Маці Божай. Каля 1660 года, калі Рэч Паспалітую раздзіралі маскоўскі і шведскі захопнікі, каля гэтага абраза сталі рабіцца цуды — расцвіталі сухія вянкі, сама запальвалася лампада, быў чуваць нібы анёльскі спеў. Тышкевіч збудававаў касцёл (спачатку драўляны) і запрасіў з недалёкіх Сэйнаў дамініканаў.
Пасля Студзеньскага паўстання касцёл былі забраўшы расейскія ўлады і аддаўшы праваслаўным манашкам. Тыя, уцякаючы падчас І Сусветнай вайны ў Расею, забралі з сабой цудадзейны абраз — і дагэтуль ніхто не ведае, дзе ён дзеўся ў той Расеі. У міжваенны час касцёл вярнулі сабе каталікі, а замест арыгінальнага абраза намаляваная яго копія. Вакол вернікі пакідаюць воты — сярод ружанцаў і выяваў сэрца, можна ўбачыць і сучасныя шаўроны Польскага Войска.
Па дарозе заязджаем у Дуброву. Тую, што пэўны час называлася Дуброва Гарадзенская. Пры адной з вуліц стаіць мур міжваеннага вятрака-«галендра». У цэнтры ўзвышаецца касцёл, які ў пачатку ХХ стагоддзя збудаваў айцец Мельхіёр Фардон, які пазней служыў у Гродне, быў вядомы сваёй пабожнасцю і дабрачыннасцю, праз што яго сталі называць «бацькам гродзенцаў».
Мурал памяці Мельхіёра Фардона ў Дуброве
Наведаўшы габрэйскія могілкі, на якіх мясцовыя актывісты стараюцца падтрымліваць хаця б мінімальны парадак, ідзём да знаёмай настаўніцы.
Помнік на габрэйскіх могілках у Дуброве
Размаўляем пра мясцовую гісторыю. Пра тое, як да вайны людзі ездзілі з Дубровы ў Гродна на кірмашы. Пра габрэяў, частка з якіх была трапіўшы ў лагер у гродзенскім прадмесці Каўбасіно. І пра амаль стогадовага Стэфана Хасцея, жыхара Дубровы, які ў верасні 1939 года ў Гродне падпальваў кактэйлямі Молатава савецкія танкі.
Каля дуброўскага ліцэя пасаджаны дуб у гонар той адчайнай абароны Гродна. Мясцовая харцэрская дружына носіць імя Корпуса Аховы Памежжа — фармацыі, якая ў 1924—1939 года сцерагла ўсходнюю мяжу ІІ Рэчы Паспалітай.
Цяпер Польшча зноў вымушана старанна сцерагчы сваю ўсходнюю мяжу, каб не прапусціць якой небяспекі з усходу.
Прыпыняемся ў невялікай вёсцы Бярвіха. Тут пры самай дарозе стаіць камень з захаваным з XVII стагоддзя грозным memento: «A.D. 1655 Moskal Litwę splondrował złamawszy mir wieczny» («A.D. 1655 Маскаль Літву сплюндраваў, парушыўшы Вечны мір»).
Камень у Бярвісе з захаваным з XVII стагоддзя грозным memento: «A.D. 1655 Moskal Litwę splondrował złamawszy mir wieczny»
Калі вам падабаюцца падарожныя нататкі Кастуся Шыталя, заданаціць яму на каву можна тут.