БЕЛ Ł РУС

Гладкая назвала Бондараву і Мірсалімаву чарвямі. Азаронак і Лук’янаў патрабуюць ліквідацыі

2.05.2025 / 22:7

Nashaniva.com

Лукашэнкаўскія каналы сёння як адзін абрынуліся на «пэўную колькасць прайдзісветаў і ашуканцаў, якія шмат гадоў водзяць за нос Пасольства [Расіі] і Рассупрацоўніцтва».

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Канал «Людажоры» называе іх «невялікай групкай бажавольных».

Канал «Это другое» піша пра «сеткавых актывістаў, што хаваюцца пад маскай «прарасійскіх». Ён адзначае:

«Актывісты ўжо атрымлівалі папярэджанні ад сілавікоў. Віцебская актывістка Мірсалімава адседзела некалькі сутак, а гродзенская экстрэмістка Бондарава атрымала 13 сутак. Аднак урокі не былі засвоеныя, і, наадварот, яны яшчэ больш інтэнсіўна сталі расхістваць грамадства Саюзнай дзяржавы.

Падкрэсліваю: спакой і бяспека, узаемаадносіны грамадзян Саюзнай дзяржавы пад пагрозай, і сітуацыя горшае з кожным днём».

Прапагандыстка Людміла Гладкая напісала:

«Я лічу, што калі чалавек сябе ўжо дыскрэдытаваў, то трэба да яго ўжываць, скажам, адпаведную меру. У нас яе няма, але я спадзяюся, што калі-небудзь яна з'явіцца. Як на мяне, то вельмі дзейсны механізм — проста забараніць чалавеку, які скампраметаваў сябе, любую публічную дзейнасць. Каб не выплёўваў усю гэтую лухту, непацверджаную, у сеціва і не турбаваў народу».

Яна называе гэтых новых ворагаў «чарвямі».

Канстанцін Прыдыбайла, журналіст Russia Today, які мае асабісты канфлікт з Вольгай Бондаравай (яна надумана абвінавачвала яго ў гомасэксуальных схільнасцях), піша:

«Растлумачу проста: у Беларусі ёсць пэўная колькасць прайдзісветаў і ашуканцаў, якія шмат гадоў вядуць за нос нашае Пасольства і Рассупрацоўніцтва».

І далей заклікае: «І па руках біць, і саджаць таксама можна асабліва буяных».

Рыгор Азаронак перапосціў пост пра «лікбез (ліквідацыю бязграматных ворагаў народа ад Аляксандра Сяргеевіча Лук’янава)».

Амаль усе прапагандысцкія каналы не называюць прозвішчаў наўпрост, пакідаючы інтрыгу. Але Вольга Бондарава адразу адназначна ўспрыняла гэтыя напады на свой рахунак.

У адказ яна напісала: «Вельмі засмучаюцца нацыяналістычныя колы Беларусі з-за таго, што не могуць кантраляваць «ніжнія слаі тэлеграма», і неадфільтраваная інфармацыя пра падзеі ў краіне імгненна становіцца вядомай ва ўсёй Саюзнай дзяржаве».

Аляксандр Лукашэнка, 29 красавіка 2025 года. Photo by Contributor Getty Images

Аляксандр Лукашэнка 2 мая зноў звярнуўся да тэмы георгіеўскіх стужак — другі раз за чатыры дні. Гэта адбылося пад тэлекамеры, у самым пачатку сустрэчы з губернатарам Астраханскай вобласці Расii Ігарам Бабушкіным. На ёй прысутнічаў і пасол Расіі Барыс Грызлоў.

Раней Аляксандр Лукашэнка выказваўся па гэтым пытанні ў Валгаградзе на перамовах з Уладзімірам Пуціным 29 красавіка.

«Такая ўвага звязана з спробы ў пэўных колах штучна раскруціць гэтае пытанне і зрабіць пунктам звады ў беларуска-расійских адносінах. Бачачы гэтую тэндэнцыю, Аляксандр Лукашэнка прама і адкрыта адрэагаваў, каб спыніць магчымыя інсінуацыі», — адзначае беларускае дзяржаўнае агенцтва БелТА.

«Ну мы вам адказалі з Уладзімірам Уладзіміравічам наконт стужак. Што мяне здзiвiла, ён кажа: «Слухай, раскажы мне, у чым штука». Я кажу: «Я думаў гэта, ад цябе ўсё ідзе». — Не, я ўпершыню чую. — Ну кажу, тады, напэўна, ад нашага супольнага сябра. — Ад каго? — Я кажу: «Ну як, ад Барыса Вячаслававіча (пасла Расіі Барыса Грызлова. — НН)». Засмяяўся (Пуцін. — НН), кажа: «Не, не можа быць». Ён кажа: «Адкуль?». Я кажу: «Ты паглядзі, можа, ад «Рассупрацоўніцтва» (расійскае агенцтва, якое падтрымлівае структуры ўплыву ў свеце, і адначасова шпіёнскае гняздо — НН). Я не сцвярджаю», — распавёў Аляксандр Лукашэнка падрабязнасці размовы з Уладзімірам Пуціным.

«Хочаце са стужкамі, я і яму сказаў — калі ласка, хочаце з нашымі стужкамі (яблыневым цветам — НН) — калі ласка. Хто як хоча. Мы ж свае людзі. Мы ж не носім свастыкі, як ва Украіне (фэйк і распальванне варожасці — ва Украіне таксама не носяць свастык — НН). Вы прапанавалі нам. У гэтым плане мы вызначыліся. Думаю, сваё павінна быць якое-небудзь адрозненне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Стужкі — практычна апошняе, што адрознівае русіфікаваную публічную прастору Беларусі ад расійскай. 

Першы раз з-за георгіеўскіх стужак Аляксандр Лукашэнка раптам пачаў апраўдвацца на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Валгаградзе.

«Ніхто не забараняе ні ў якім разе георгіеўскія стужачкі», — паспрабаваў пераканаць суразмоўцу Лукашэнка.

Пры гэтым ён прапанаваў Пуціну вывучыць гісторыю георгіеўскай стужачкі і назваў яе своеасаблівай. Але дадаў, што не мае нічога супраць.

Выказаўся Лукашэнка пра шэсце «Несмяротны полк», на якое беларускія чыноўнікі звычайна не даюць дазволу. Ён растлумачыў, што замест гэтай акцыі праходзіць аналагічная пад назвай «Беларусь памятае», на якую людзі ходзяць як з чырвона-зялёнымі стужачкамі, так і з георгіеўскімі.

Лукашэнка параіў Пуціну не звяртаць увагі на асобныя негатыўныя выказванні наконт гэтага.

«У нас ідэя абсалютна аднолькавая. Адна Айчына ад Брэста да Уладзівастока», — паўтарыў свой заезджаны тэзіс Лукашэнка.

На самай справе ў Беларусі замест георгіеўскай стужачкі ўжо даўно прыдумалі чырвона-зялёныя бутаньеркі з яблыневым цветам. Ідэолагі вырашылі дыстанцыявацца ад георгіеўскай стужачкі пасля 2014 года, калі яна стала трывала асацыявацца з рускім светам і захопам Данбаса.

З тых часоў прарасійскія актывісты сістэматычна крытыкуюць чыноўнікаў за негалосную забарону на георгіеўскія стужачкі. Відаць, інфармацыя цяпер дайшла і да Крамля — Лукашэнку давялося апраўдвацца.

Масавая раздача георгіеўскіх стужак у Расіі пачалася ў 2005-м. Такім чынам пуцінскі рэжым спрабаваў стварыць новы ўніверсальны сімвал, прымальны для народаў былога СССР, замест дыскрэдытаванага савецкага сцяга. Пасля георгіеўскую стужку выкарыстоўвалі падчас захопу ўкраінскіх зямель у 2014 і 2022 гадах.

У рэгіёнах Беларусі пад маўчанне ідэолагаў масава раздаюць георгіеўскія стужкі «Рускія дамы».

Георгіеўскія стужкі масава пранікалі ў Беларусь да 2014 года. Архіўнае фота Андрэя Стрыжака

У Валгаградзе ўвагу журналістаў звярнуў таксама эпізод раздачы каларадскіх стужак беларускім топ-чыноўнікам. Марзалюк застаўся з яблыневай.

Фота прэс-службы Палаты прадстаўнікоў

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула