Ціманоўская абвінаваціла былога мужа ў супрацы з КДБ
Беларуская спрынтарка, якая з 2023 года выступае за Польшчу, зрабіла гучную заяву.
Арсень Зданевіч і Крысціна Ціманоўская. Архіўнае фота з сацыяльных сетак спартоўкі
Крысціна Ціманоўская некалькі дзён таму дала інтэрв’ю польскаму выданню Interia Sport, дзе сярод іншага расказала пра свайго былога мужа Арсеня Зданевіча.
Крысціна і Арсень былі разам дзевяць гадоў, з іх шэсць у афіцыйным шлюбе. У хуткім часе пасля грандыёзнага скандалу з удзелам Крысціны на Алімпіядзе ў Токіа мужчына выехаў з Беларусі, палічыўшы, што яму небяспечна там заставацца.
Пазней бягуха распавядала, што за два гады вымушанага пераезду ў Польшчу яны некалькі разоў расставаліся. У выніку пара ўсё ж развялася ў 2023 годзе.
У лютым 2025 года стала вядома, што Зданевіч вярнуўся ў Беларусь і працуе на нізкааплатных фізічных працах.
Па словах Ціманоўскай, гісторыя з разводам яе асабліва не хвалявала.
«Быў суд, і ўсё вырашалася там. Мы рассталіся пасля чэмпіянату свету ў Будапешце, і праз некалькі месяцаў суд вынес рашэнне аб разводзе. Адзіная праблема ў тым, што ён скраў шмат грошай і паехаў з Польшчы. Але цяпер я ўжо нічога не магу зрабіць», — заявіла спартсменка.
У той жа час яна выказала занепакоенасць тым, што яе былы муж, які таксама атрымаў польскае грамадзянства, цяпер супрацоўнічае з КДБ.
«Ён атрымаў яго [грамадзянства] па маёй просьбе. Я напісала прэзідэнту Польшчы, што хачу выступаць за Польшчу і хацела б змяніць грамадзянства. Там я згадала, што ў мяне ёсць муж, і што я хацела б, каб ён застаўся ў Польшчы, бо ён мая падтрымка. Я вельмі хацела, каб ён таксама атрымаў грамадзянства. І ён атрымаў.
Аднак цяпер ён знаходзіцца ў Беларусі і супрацоўнічае там з КДБ. Цяпер ён там кажа, што ніколі не хацеў польскага грамадзянства і што яму яно зусім не патрэбна. Мне дзіўна, што ў Польшчы ніхто не звярнуў увагі на той факт, што наш грамадзянін супрацоўнічае з КДБ», — цытуе выданне словы Ціманоўскай.
На пытанне карэспандэнта, ці лічыць яна, што Арсень супрацоўнічаў з КДБ у час, калі яны былі жанатыя, жанчына адказала: «Не думаю, але хто ведае».
Яна дадала, што звярталася да польскіх чыноўнікаў, але тыя адказалі, што трэба ўсё апісаць пісьмова. А паколькі грамадзянства было выдадзена на падставе прэзідэнцкага подпісу, пазбавіць яго складана. Ціманоўская падкрэслівае, што не хоча, каб яе былы муж зноў аб’явіўся ў Польшчы:
«Я б не хацела, каб ён зноў прыязджаў у Польшчу. Бо невядома, што ён можа зрабіць у нашай краіне, калі супрацоўнічае з КДБ. Не скажу, што баюся, што ён прыедзе да мяне, але мне дакладна некамфортна».
У тым жа інтэрв’ю Ціманоўская расказала, што цяпер знаходзіцца ў адносінах з іншым мужчынам, але пакуль не плануе вяселля:
«Мой хлопец знаходзіцца ў ЗША, а я ў Польшчы. Для мяне гэта нават не так і дрэнна, бо я магу сканцэнтравацца на трэніроўках. Ён таксама вельмі мяне падтрымлівае — праўда, толькі па тэлефоне. У мяне цяпер шмат часу і на трэніроўкі, і для сябе самой».
Чытайце таксама:
СК адрэагаваў на данос Ціманоўскай і будзе правяраць яе былога мужа на «экстрэмізм»
Былы муж Ціманоўскай заявіў, што спартсменка прымала забароненыя прэпараты