БЕЛ Ł РУС

Вучыч не даляцеў да Масквы: яго пасадзілі ў Баку і далей не прапускаюць

7.05.2025 / 15:47

Nashaniva.com

Прэзідэнт Сербіі вымушаны быў зрабіць вялікі круг, але да расійскай сталіцы ён пакуль не дабраўся.

Аляксандр Вучыч. Фота: AP Photo / Darko Vojinovic

Самалёт прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча, які накіроўваўся ў Маскву, экстранна сеў у аэрапорце Баку.

Далей Вучыча не пускаюць. Дазвол на палёт прыпынілі з-за небяспекі атакі дронаў у Расіі і працы СПА, пiша сербскае выданне Blic.

Вучыч ляціць у Маскву на парад у гонар 9 мая. На пятніцу ў яго была запланаваная сустрэча з Уладзімірам Пуціным. Самалёту прэзідэнта Сербіі дзеля візіту ў Расію давялося зрабіць вялікі круг: Літва і Латвія адмовіліся яго прапускаць. 

У расійскіх аэрапортах сёння хаос з-за атак беспілотнікаў. У Маскве і Санкт-Пецярбургу затрыманыя дзясяткі рэйсаў, людзі чакаюць у самалётах па шмат гадзін. На ўзлётных палосах збраліся вялікія чэргі з бартоў.

Аляксандра Вучыча называлі ў ліку запрошаных гасцей на Парад Перамогі ў Маскве. 3 мая прэзідэнт Сербіі адчуў сябе дрэнна і датэрмінова спыніў візіт у ЗША, а пасля вяртання ў Бялград быў шпіталізаваны. З-за гэтага яго візіт у Маскву апынуўся пад пытаннем. Але ў выніку Вучыч акрыяў і вырашыў ляцець у Расію, нягледзячы на папярэджанні ад еўрапейскіх чыноўнікаў.

Чытайце таксама:

Улады Літвы і Латвіі закрылі пралёт у Маскву самалёта прэзідэнта Сербіі

Стан Аляксандра Вучыча стабільны, але да актыўнай дзейнасці ў бліжэйшы час ён не вернецца

Серб Вучыч і славак Фіца раптоўна прыхварэлі. Іх удзел у парадзе ў Маскве пад пытаннем

Каментары да артыкула