БЕЛ Ł РУС

Па БТ паказалі інтэрв'ю з чарговым зняволеным палякам — Ежы Жывалеўскім

7.05.2025 / 15:45

Nashaniva.com

Тэлеканал «Першы інфармацыйны», як і было раней анансавана, паказаў інтэрв’ю з яшчэ адным зняволеным у беларускай турме грамадзянінам Польшчы. Гэтым разам у эфіры з'явіўся Ежы Жывалеўскі, якога ў 2023 годзе асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі за шпіянаж.

Ежы Жывалеўскі. Скрыншот з відэа

Паводле выстаўленага яму абвінавачання, Ежы Жывалеўскі нібыта перадаваў польскай разведцы звесткі пра беларускіх вайскоўцаў і памежнікаў. Яму засталося адседзець у зняволенні пяць месяцаў.

Жывалеўскі расказаў, што ў яго ёсць жонка і 17-гадовы сын, якія жывуць у Гродне. Апошні раз ён бачыў іх у лістападзе 2024 года. Ягоная 93-гадовая маці жыве ў Польшчы і нібыта не ведае, што сын у турме. Раней Жывалеўскі з жонкай трымалі некалькі крамаў на гродзенскім рынку, але цяпер гэты бізнэс не працуе.

Ежы Жывалеўскі апісаў свае будні ў калоніі: ежа, праца — швейная вытворчасць у дзве змены. Ён працуе штодзённа.

Пасля вызвалення ён нібыта хацеў бы застацца ў Беларусі, але мяркуе, што яго, хутчэй за ўсё, дэпартуюць у Польшчу. Пасля таго мужчына разлічвае паехаць у Нідэрланды, дзе сябры прапанавалі яму працу. Але за некалькі месяцаў да вызвалення ён плануе падаць заяву, каб затрымацца ў Беларусі яшчэ на некалькі дзён і паспрабаваць атрымаць дазвол на жыхарства.

Жывалеўскі адзначыў, што спадзяваўся на дапамогу ад польскага боку, але цяпер разумее рэальнасць: «Можа, Польшча і не кінула мяне, але я не ведаю, што яны зрабілі ў маёй справе».

5 сакавіка, на дзяржаўным тэлебачанні паказалі падобнае інтэрв’ю з іншым асуджаным палякам, Томашам Бярозам, які прасіў польскія ўлады дапамагчы яму вярнуцца дадому.

Чытайце таксама:

Прапагандысты анансавалі інтэрв'ю з усімі палякамі, асуджанымі ў Беларусі за шпіянаж

У эфіры БТ выйшаў шпіёнскі фільм пра асуджаных Дзмітрыя Пазнякова і Томаша Бярозу

Чарговага паляка будуць судзіць за «агентурную дзейнасць» і «шпіянаж» — праваабаронцы

Грамадзяніна Польшчы Ежы Жывалеўскага асудзілі ў Беларусі за шпіянаж

Каментары да артыкула