У большасці абласных гарадоў 9 мая правядуць «Бессмяротны полк»
Паводле планаў, выкладзеных прарасійскімі актывістамі, асобныя шэсці «Бессмяротнага палка» збіраюцца правесці прынамсі ў Брэсце, Віцебску, Гомелі і Гродне.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Пасольства Расіі ў Беларусі
Прарасійскія актывісты апублікавалі месцы збору ўдзельнікаў у Мінску і іншых абласных гарадах Беларусі. Усюды на іх будуць без абмежаванняў раздавацца георгіеўскія стужкі, якія за апошняе дзесяцігоддзе сталі галоўным сімвалам расійскага рэваншызму і мілітарызму.
Адкрыта пад банерамі «Бессмяротны полк» аматары Расіі будуць збірацца ў Брэсце, Віцебску і Гродне, у Гомелі банер будзе называцца «Памятаем подзвіг савецкага народа-пераможцы».
У Мінску Каардынацыйная рада арганізацый расійскіх суайчыннікаў зранку арганізуе асобнае ўскладанне кветак, а вечарам збіраецца далучыцца да гледачоў вайсковага параду.
Толькі ў Магілёве прарасійскія актывісты, як выглядае, не плануюць нічога асобнага, а толькі далучацца да звычайнай арганізаванай уладамі калоны «Беларусь памятае».
Пры гэтым у апісанні сваёй акцыі яны тлумачаць, што «Беларусь памятае» і «Бессмяротны полк», як таксама георгіеўская і чырвона-зялёная стужкі — гэта «адна агульная Перамога і адна агульная памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя адзіныя ў сваёй ацэнцы 80-годдзя Перамогі».
Чытайце таксама:
Тур не будзе насіць георгіеўскую стужку, але прычына не тая, што вы падумалі
Лукашэнка зноў апраўдваўся за георгіеўскія стужкі: гэтым разам перад расійскім паслом
«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі
У Гомелі «Рускі дом» пад маўчанне ідэолагаў масава раздае георгіеўскія стужкі