БЕЛ Ł РУС

Леў XIV: Бог любіць нас, зло не пераможа

8.05.2025 / 22:59

Nashaniva.com

Увечары 8 мая з балкона сабора Святога Пятра ў Ватыкане новаабраны Папа Роберт Фрэнсіс Прэво, які прыняў імя Леў XIV, надаў вернікам першае дабраславенне. У сваёй першай прамове ён падкрэсліў, што свет мае патрэбу ў святле Хрыста, і заклікаў наводзіць масты праз дыялог, піша Katolik.life.

Папа Леў XIV. Фота: AP Photo/Alessandra Tarantino

«Мір вам! Дарагія браты і сёстры, гэта першае прывітанне ўваскрослага Хрыста, добрага пастыра, які аддаў жыццё за Божы статак. Таксама і я хацеў бы, каб гэтае прывітанне свету ўвайшло ў вашыя сэрцы, дасягнула вашых сем'яў, усіх людзей, дзе б яны ні былі, усіх народаў, усёй зямлі. Мір вам!» — сказаў новаабраны пантыфік.

Вітаючы вернікаў усёй планеты, ён заклікаў да адзінства, міру і адраджэння веры, падкрэсліўшы, што свет мае патрэбу ў святле Ісуса Хрыста.

Новы пантыфік ушанаваў памяць свайго папярэдніка, Папы Францішка, адзначыўшы, што навядзенне мастоў, дыялог і інклюзіўнасць былі асноўнымі прынцыпамі яго папства. Ён нагадаў пра ціхі, але моцны голас Папы Францішка, які распаўсюдзіў сваё дабраславенне на ўвесь свет.

«Дазвольце мне працягнуць гэта дабраславенне: Бог вельмі любіць нас. Бог любіць нас усіх. Зло не пераможа. Мы ўсе ў руках Божых. Таму, неадчуваючы страху і аб'яднаўшыся, рука аб руку з Богам і адзін з адным, давайце разам рухацца наперад».

Новы Папа падкрэсліў, што «мы вучні Хрыста, і Хрыстос ідзе наперадзе нас»:

«Свет мае патрэбу ў яго святле. Чалавецтва мае патрэбу ў ім як у мосце да Бога і яго бязмежнай любові. Давайце працаваць разам, каб наводзіць масты праз дыялог і сустрэчы, каб мы маглі стаць адзіным народам, які жыве заўсёды ў міры».

Звяртаючыся да ўсёй Царквы з асаблівым прывітаннем, пантыфік сказаў:

«Мы павінны імкнуцца быць місіянерскай царквой, якая наводзіць масты, падтрымлівае дыялог і прымае ўсіх з раскрытымі абдымкамі. Няхай наша прысутнасць будзе напоўненая міласэрнасцю і адносінамі, заснаванымі на любові».

Папа падкрэсліў, што

«мы павінны быць сінадальнай царквой — царквой, якая ідзе рука аб руку, якая імкнецца да міру, міласэрнасці і збліжаецца з тымі, хто пакутуе».

Чытайце таксама:

Новым Папам абвясцілі амерыкана-перуанскага кардынала Роберта Прэво

Трамп усцешыўся, што Папам абралі амерыканца

Ціханоўская — новаму Папу: Ваша слова можа стаць голасам падтрымкі для нашых палітвязняў

Каментары да артыкула