У Пакістане думаюць, што для іх у Беларусі будуць 198 тысяч вакансій
Улады Пакістана абмяркоўваюць магчымасці працоўнай міграцыі ў Беларусь. Абмеркаванні гэтага пытання прайшлі на пасяджэнні Пастаяннага камітэта па справах пакістанцаў за мяжой у Сенаце, верхняй палаце парламента Пакістана, паведамляе Reform.news са спасылкай на мясцовую прэсу.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: unctad.org
На пасяджэнні міністр па справах пакістанцаў за мяжой заявіў, што грамадзяне Пакістана могуць разлічваць у Беларусі на 198 тысяч вакансій, у тым ліку ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і будаўніцтве.
Па словах міністра, на працягу двух месяцаў Беларусь і Пакістан падпішуць мемарандум аб узаемаразуменні, пасля чаго пакістанцы змогуць выязджаць у Беларусь.
На пасяджэнні заявілі, што мінімальны заробак у Беларусі складае 7 даляраў (амаль 23 рублі), але за які час, не ўдакладнілі. Для працы патрэбна руская мова, якую можна вучыць у Нацыянальным універсітэце сучасных моў.
Мінімальны месячны заробак у Беларусі цяпер складае 726 рублёў. Гэта значыць пры 8-гадзінным працоўным дні і 20 працоўных днях у месяцы мінімальны заробак у гадзіну будзе 4,5 рубля.
Бюро па эміграцыі і працаўладкаванні за мяжой Пакістана паведамляе пра нелегальныя аб'явы аб працы ў Беларусі, якія ўжо распаўсюджваюцца ў краіне. На сайце бюро ў раздзеле са спісам вакансій за мяжой пакуль няма ніводнай прапановы для працы ў Беларусі.
На пасяджэнні Камітэта таксама прапанавалі спрасціць працэс выдачы віз у Беларусь і Еўропу, паведамляе старшыня камітэта ў сацсетцы X.
Месяц таму на сустрэчы з прэм'ерам Пакістана, які прылятаў з візітам у Мінск, Лукашэнка прапанаваў прыняць у Беларусі 150 тысяч пакістанцаў у якасці працоўнай сілы. Гэтыя планы выклікалі вельмі неадназначную рэакцыю ў грамадстве, у выніку чаго і сам Лукашэнка, і ягоныя чыноўнікі ды прапагандысты мусілі выступаць з тлумачэннямі сваіх намераў.
Чытайце таксама:
Ці варта чакаць наплыву ў Беларусь пакістанскіх гастарбайтараў?
Лукашэнка: Мы хочам з Пакістана спецыялістаў, а не проста моладзь. І найперш у Баранавічы
Навошта Лукашэнку спатрэбіліся 150 тысяч пакістанцаў?
Што значыць прыезд 150 тысяч мігрантаў з Пакістана ў Беларусь: погляд Ігара Тура
Ці расце злачыннасць пасля прыезду імігрантаў? Праверылі на прыкладзе Польшчы
Лукашэнка апраўдваецца за ідэю з прыездам 150 тысяч пакістанцаў — гэта, каб «захаваць наш народ»
У сітуацыі з пакістанцамі ўлады сталі закладнікамі сваёй жа прапаганды і сваіх ідэалагем