БЕЛ Ł РУС

«Дашчэнту». А што такое шчэнт?

10.05.2025 / 13:51

Nashaniva.com

Нават беларусы, якія не гавораць па-беларуску, разумеюць слова «дашчэнту». Але нават не ўсе філолагі ведаюць, што такое «шчэнт».

Ілюстрацыйнае фота з сацсетак: надпіс на беларускай мове

Гэтае ёмістае слова незразумелае расіянам, але кожны беларус, украінец і паляк яго ведаюць і ўжываюць. Яно моцнае, выразнае, трапнае.

Барочную царкву пад Жыровічамі разабралі дашчэнту. Камандны пункт згарэў дашчэнту. 

Дашчэнту значыць «канчаткова, поўнасцю (пераважна з дзеясловамі згарэць, разбурыць, зруйнаваць)». Так тлумачыць яго Тлумачальны слоўнік беларускай мовы.

Якое паходжанне выразу «дашчэнту»?

Слова «шчэнт» у сучаснай мове няма. Але мовазнаўцы заўважылі яго сувязь з вельмі старым славянскім коранем. Ад яго ж паходзяць слова наШЧАДак (=патомак) і цяпер рэдка ўжыванае слова «чада» (=дзіця).

З цягам часу «ч» перайшло ў «шч» (нешта падобнае адбылося і ў слове «шчасце».

У слова «шчэнт» гэтае «эн» захоўвае след стараславянскага слова čędo — чада, дзе «э» было насавым. Насавыя гукі былі ўласцівыя даўнім славянскім мовам, як і балцкім. 

«Чэнд» з часам сталі вымаўляць як «шчэнд», а пасля і як «шчэнт». І значыла гэтае слова «апошні нашчадак».

«Да шчэнду», «дашчэнту» — гэта значыць, да апошняга нашчадка, да кораня, да падмурка, да зямлі, калі «ні чалядзіна, ні скаціны» не заставаліся.

Дарэчы, у словах «паЧаЦь», «паЧаТак» — водгулле таго самага прадаўняга кораня.

{DONATE_PAYPAL}

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула