БЕЛ Ł РУС

Улады Чачні пераймяноўваюць знакавы ў гісторыі Чачэнскіх войнаў горад

13.05.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Афіцыйна перайменаванне тлумачыцца тым, што старая назва станіцы, а цяпер горада Шаўкаўская не адпавядае статусу населенага пункта. Аднак эксперты ўпэўнены, што за гэтым хаваюцца больш глыбокія матывы.

Фота: Wikimedia Commons

Камісія па законапраектнай дзейнасці Дзярждумы Расіі падтрымала ініцыятыву парламента Чачні аб перайменаванні адразу трох гарадоў: Наурская — у горад Неўрэ, Сернаводскае — у Сернаводск, Шаўкаўская — у Церак.

Найбольш адметным сярод гэтых ініцыятыў з’яўляецца перайменаванне Шаўкаўской. Статус горада былая станіца, якая мае больш за 300 гадоў гісторыі, атрымала ў 2024 годзе. Назва паходзіць ад завода па выпуску шоўку, які быў заснаваны ў 1718 годзе армянскім купцом Сафарам Васільевым.

Афіцыйная прычына перайменавання, пазначаная ў тлумачальнай запісцы да законапраекта, гучыць так: «У сувязі з пераўтварэннем станіцы Шаўкаўская ў горад Шаўкаўская найменне не спалучаецца з тыпам населенага пункта. Акрамя таго, яно ніяк не звязана з вытворчасцю і рэалізацыяй шаўковай прадукцыі. Такім чынам, найменне не выконвае сваю функцыю».

Іншымі словамі, назва прызнана неактуальнай ні паводле зместу (шаўкаводства ўжо даўно не вядзецца), ні паводле формы (суфікс -ская характэрны для станіц, але не для сучасных гарадоў).

У якасці новай назвы прапанавана «Церак», што мае выразную геаграфічную сувязь: горад размешчаны на левым беразе адной з галоўных рэк Паўночнага Каўказа — Церака. На чачэнскай мове прапанаванае найменне гучыць як «Тэрк-ГІала», што літаральна азначае «горад Церак».

Нягледзячы на афіцыйна нейтральнае тлумачэнне, шэраг экспертаў і мясцовых назіральнікаў адзначаюць, што за перайменаваннем стаяць глыбінныя палітыка-ідэалагічныя матывы. Сярод іх вылучаюцца наступныя:

Выдаленне казацкіх тапонімаў і «дэкаланізацыя» прасторы

Шаўкаўская, як і Наурская, — гэта гістарычныя казачыя станіцы, звязаныя з Церскім казачым войскам. Змена назваў такіх населеных пунктаў разглядаецца як спроба адмовіцца ад каланіяльнай спадчыны і прысутнасці рускага казачага элемента на тэрыторыі Чачні. У гэтым кантэксце назва «Церак» выглядае больш нейтральнай — яна не мае прамых сувязяў з казацкай гісторыяй.

Мячэць у Шаўкаўской. Фота: Wikimedia Commons

Этнамоўная палітыка («чачэнізацыя» геаграфічных назваў)

У Чачні ў апошнія гады актыўна мяняюць тапонімы з рускіх або цюркскіх на чачэнскія. Напрыклад, паселішча Істы-Су (кумыкская назва, якая азначае «гарачая вада») перайменавалі ў Мелчу-Хі (тая ж назва, толькі на чачэнскай), а Ойсунгур — у Ойсха. 

Гэта тлумачыцца проста: насельніцтва такіх сёл цалкам чачэнскае, і назвы прыводзяцца ў адпаведнасць з культурнай і моўнай рэальнасцю. У гэтым сэнсе перайменаванне Шаўкаўской — дзе цяпер пераважае чачэнскае насельніцтва — выглядае лагічным працягам палітыкі замацавання нацыянальнай ідэнтычнасці ў геаграфічных назвах.

Сімвалічная перазагрузка пасляваеннай прасторы

Некаторыя назіральнікі адзначаюць, што выбар менавіта Шаўкаўской для перайменавання невыпадковы з пункту гледжання памяці аб вайне.

Размешчаная ва ўсходняй частцы рэспублікі недалёка ад мяжы з Дагестанам і Стаўрапольскім краем станіца падчас Першай (1994-1996) і Другой чачэнскіх войнаў (1999-2009) адыгрывала ключавую стратэгічную ролю: праз яе ішло забеспячэнне федэральных сіл, а апора на падтрымку мясцовых казакаў і рускіх рабіла яе надзейным фарпостам Масквы.

З 2000 года ў Шаўкаўской на пастаяннай аснове размяшчаюцца часткі 46-й асобнай брыгады аператыўнага прызначэння ўнутраных войскаў Расіі (цяпер — Войск нацыянальнай гвардыі).

Для цяперашняй улады Чачні перайменаванне — гэта магчымасць падкрэсліць пераход да новай эпохі. Старыя назвы, якія нясуць памяць аб канфлікце або аб рускай каланізацыі, паступова сыходзяць у мінулае. Змена назвы дазваляе перагарнуць старонку. Горад з новым імем «Церак» ужо не так відавочна асацыіруецца з тэрмінам «станіца» і ўсім тым, што звязана з базіраваннем федэральных сіл.

Меркаванні грамадства адносна перайменавання разышліся. Для ўладаў — гэта крок наперад, які спрыяе адлюстраванню новай ідэнтычнасці і кансалідацыі грамадства. Для часткі жыхароў і казацкіх арганізацый — гэта страта гістарычнай назвы і выцясненне культурнага пласта, звязанага з рускім і казацкім мінулым.

Чытайце таксама:

«Я — пехацінец». Кадыраў заявіў, што ягоныя словы пра адстаўку не так зразумелі

«Дзе вы былі, калі мы ваявалі за Ічкерыю?» Кадыраў нечакана абвінаваціў Захад у няўдачах чачэнскіх незалежнікаў

Пуцін перайменаваў аэрапорт Валгаграда ў «Сталінград»

У Расіі прапанавалі перайменаваць Фінскі заліў у Санкт-Пецярбургскі

Каментары да артыкула