Адміністратарку беларускай Вікіпедыі кінулі на суткі
Гэта другі выпадак пераследу за рэдагаванне Вікіпедыі, які адбыўся за апошнія месяцы.
Вольга Сітнік. Фота: Wikimedia Commons
Рэдактары беларускай Вікіпедыі заўважылі, што адна з адміністратараў раздзела, Вольга Сітнік, вядомая пад нікам Хомелка, знікла 17 красавіка — раптоўна перастала правіць артыкулы і выходзіць на сувязь. Меркавалася, што яна магла быць затрыманая.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», у той дзень Сітнік затрымлівалі, але адпусцілі дадому. Тыдзень таму Сітнік была затрыманая зноў і змешчана на 10 сутак на Акрэсціна.
Вольга Сітнік — хатняя гаспадыня з Мінска, якая гадуе трох непаўналетніх дзяцей. У Вікіпедыі яна з 2009 года піша пра беларускую традыцыйную культуру і прыроду, а таксама на такія тэмы, як грудное выкормліванне. Больш за два дзясяткі яе артыкулаў былі ўганараваныя статусам «добрых» ці «выдатных». З 2010 года бесперапынна з'яўляецца адміністратаркай беларускай Вікіпедыі.
Рэдагаванне якога артыкула магло паслужыць прычынай для пераследу, іншым рэдактарам Вікіпедыі, да якіх мы звярнуліся па каментарый, адказаць цяжка. Яны тлумачаць, што пасля 2022 года, які адзначыўся шэрагам затрыманняў беларускіх вікіпедыстаў, гісторыя правак у артыкулах на адчувальныя палітычныя тэмы ў Беларускай Вікіпедыі была схаваная ад усіх, нават ад адміністратараў раздзела.
Гэта ўжо не першы выпадак затрымання рэдактараў беларускамоўных раздзелаў Вікіпедыі за апошнія паўгода. У снежні 2024 года быў затрыманы Stary Jolup, актыўны рэдактар раздзела альтэрнатыўным правапісам. Праўда, яго справа не была звязаная з рэдагаваннем артыкулаў.
Пасля, 13 сакавіка 2025 года, знік Kazimier Lachnovič (сапраўдае імя невядомае), адзін з чатырох адміністратараў і бюракрат таго ж раздзела «тарашкевіцай». Сувязь з ім з таго часу адсутнічае, імаверна, ён быў затрыманы па крымінальнай справе.
Пры ім у раздзеле запісалі, што адзінай дзяржаўнай мовай Беларусі называецца беларуская, дзяржаўным сцягам — бела-чырвона-белы сцяг, гербам — Пагоня, а Лукашэнка атрымаў статус «кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі». Беларускія вікі-рэдактары лічаць, што гэтыя рэчы маглі прыцягнуць увагу сілавікоў да раздзела «тарашкевіцай».
Праз тыдзень пасля знікнення Ляхновіча выйшаў прапагандысцкі матэрыял Людмілы Гладкай, у якім прагучала, што Вікіпедыя — гэта зброя масавага паражэння супраць краін постсавецкай прасторы, а беларускі раздзел рэдагуецца з Польшчы.
Затрыманне цягам пары месяцаў адразу двух беларускіх адміністратараў Вікіпедыі выглядае часткай адной акцыі, што падмацоўваецца нападкамі прапагандыстаў без дай прычыны.
Чытайце таксама:
Новая эра свабодных ведаў. Вікіпедыя робіць стаўку на штучны інтэлект
Прапагандысты разганяюць фэйк пра выдаленне артыкула пра Хатынь у Вікіпедыі
Рэдактар беларускай Вікіпедыі: Будучыня праекта — за штучным інтэлектам
Дзе нарадзіліся вядомыя беларусы? Больш за дзесяць тысяч асоб сабралі на адной карце