БЕЛ Ł РУС

Келаг: ЗША разглядаюць магчымасць размяшчэння замежных войскаў ва Украіне

13.05.2025 / 20:16

Nashaniva.com

Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША па Украіне Кіт Келаг заявіў, што ў Вашынгтоне абмяркоўваюць магчымасць размяшчэння замежных войскаў ва Украіне пасля заканчэння вайны. У эфіры тэлеканала Fox News ён удакладніў, што гаворка ідзе пра вайсковы кантынгент з Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і Польшчы — краін, якія ўваходзяць у НАТА. Гэтыя сілы, якія называюць «сіламі стабільнасці», мяркуецца размясціць на захад ад Дняпра.

Кіт Келаг. Фота: AP Photo/Evgeniy Maloletka, File

Акрамя таго, паводле Келага, абмяркоўваецца магчымасць стварэння міратворчай місіі для ўсходу Украіны. Удзел у ёй могуць узяць трэція краіны, і яе асноўная задача — маніторынг выканання рэжыму спынення агню.

Келаг таксама адзначыў, што пытанне далучэння Украіны да НАТА застаецца адкрытым, але на гэты момант такое сяброўства малаверагоднае. Магчыма, гэта адбудзецца ў будучыні, але не цяпер.

Асобная ўвага, паводле яго слоў, у перамовах надаецца сітуацыі вакол Запарожскай АЭС, якая знаходзіцца пад кантролем расійскіх войскаў, і вяртанню ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з акупаваных тэрыторый.

Келаг падкрэсліў, што мірны працэс не будзе ідэальным, спатрэбяцца кампрамісы і саступкі. Але галоўнае — спыніць кровапраліцце, чаго, паводле яго слоў, і дамагаецца Дональд Трамп.

Ён дадаў, што гэта самы маштабны канфлікт у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны: агульныя страты з абодвух бакоў — забітымі і параненымі — ужо перавысілі 1,2 мільёна чалавек.

Чытайце таксама:

Уіткаф і Келаг 15 мая паедуць у Турцыю для ўдзелу ў перамовах

Спецпрадстаўнік Трампа Келаг назваў Пуціна галоўнай перашкодай на шляху да спынення агню ва Украіне

Спецпасланнік Трампа заявіў пра гатоўнасць Зяленскага да тэрытарыяльных саступак Расіі

Стыў Уіткаф падчас сустрэч з Пуціным карыстаўся паслугамі штатных перакладчыкаў з Крамля

Каментары да артыкула