БЕЛ Ł РУС

Экскурсаводаў і гідаў абавязалі ведаць асновы ідэалогіі, якія зацвердзіў Лукашэнка

14.05.2025 / 12:36

Nashaniva.com

А яшчэ экскурсаводы цяпер абавязаныя «садзейнічаць прызнанню ўнікальнасці беларускай мадэлі грамадскага развіцця».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Holiday.by

Для экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў у Беларусі ўвялі новыя патрабаванні. Цяпер яны абавязаныя ведаць асновы ідэалогіі беларускага дзяржавы, якія нядаўна спецыяльнай дырэктывай зацвердзіў Аляксандр Лукашэнка.

Гэтыя веды экскурсаводы павінны ўкараняць у сваю працу. Акрамя таго, ад іх патрабуецца больш ідэалагічнага кантэнту. Якім чынам будзе правярацца выкананне гэтых патрабаванняў, у пастанове урада не пазначана.

Таксама экскурсаводаў і гідаў абавязалі ўдзельнічаць у захаванні гістарычнай памяці і нацыянальных каштоўнасцяў, садзейнічаць павышэнню прававой, палітычнай, асабістай культуры і сацыяльнай адказнасці турыстаў, а таксама

«садзейнічаць умацаванню станоўчага міжнароднага іміджу краіны, прызнанню ўнікальнасці беларускай мадэлі грамадскага развіцця».

Пастанова набывае сілу з 11 ліпеня.

Нагадаем, што з 1 студзеня 2023 года пачалі дзейнічаць новыя правілы экскурсійнага абслугоўвання. Экскурсаводы і гіды-перакладчыкі павінны праходзіць дзяржаўную атэстацыю. Гідам абавязкова мець пры сабе пералік тэм экскурсій, якія яны абаранілі, а таксама бэйдж. Тэрмін дзеяння ліцэнзіі — пяць гадоў.

У 2024 годзе экскурсаводамі і гідамі-перакладчыкамі ў Беларусі забаранілі працаваць тым, каго судзілі па «экстрэмісцкіх» артыкулах, прычым нават калі судзімасць ужо пагашаная.

Чытайце таксама:

Лукашэнка выдаў дырэктыву аб ідэалогіі

На Гродзеншчыне за тры гады стала ў два разы менш гідаў-перакладчыкаў

У Беларусі зноў пастрожылі палітычны фільтр для экскурсаводаў. Што змянілася ў правілах атэстацыі?

Мінспорту прапануе правяраць экскурсаводаў на датычнасць да «рэабілітацыі нацызму» і «адмаўлення генацыду»

Каментары да артыкула