БЕЛ Ł РУС

Латушка прызнаўся, што ўжо некалькі гадоў судзіцца са сваім былым паплечнікам Анатолем Котавым

14.05.2025 / 18:47

Nashaniva.com

У 2021 годзе ўзнікла пытанне аб недастатковай колькасці дакументаў, якія пацвярджаюць выдаткі фонда «Беларусь будучыні».

Павел Латушка і Анатоль Котаў. Фота: Jakub Porzycki NurPhoto / Getty Images; belinstitute.com

У інтэрв'ю Еўрарадыё Павел Латушка адзначыў, што выпадак з Анжалікай Мельнікавай — урок для беларускай апазіцыі, і згадаў сітуацыю, якая адбылася ў 2021 годзе з фондам «Беларусь будучыні», старшынёй якой на той час быў былы супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі і МЗС Беларусі Анатоль Котаў.

У эміграцыі Котаў стаў адказным за знешнюю палітыку і гандаль у Народным антыкрызісным упраўленні Паўла Латушкі.

«Пры разглядзе партнёрамі справаздач у 2021 годзе ўзнікла пытанне аб недастатковай колькасці дакументаў, пацвярджаючых выдаткі.

Па выніках аналізу мы прыйшлі да высновы, што так, дакументаў не хапае. І мы прапанавалі Котаву варыянт — альбо ён сыходзіць сам, альбо мы яго звальняем рашэннем праўлення. Ён сышоў сам са старшыні праўлення», — згадвае акалічнасці Латушка і даводзіць, што яны адразу падалі заяву ў паліцыю:

«Вось юрыдычная працэдура, як дзейнічаць, калі не дай Бог сустрэнецца такая падобная сітуацыя. Падалі заяву ў паліцыю дзеля таго, каб фактычна прымусіць яго знайсці гэтыя дакументы альбо панесці адказнасць».

Па словах старшыні Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення, паліцыя правяла даследчую праверку, але адмовіла ў завядзенні крымінальнай справы.

«Мы абскардзілі гэта рашэнне. Пайшлі ў суд, каб прымусіць юрыдычна паліцыю, пракуратуру завесці крымінальную справу. І мы атрымалі адмову.

Па аналізе тых дакументаў, які атрымаў суд, ён сказаў: няма падстаў для завядзення нейкай справы супраць старшыні праўлення Котава. У выніку нам было рэкамендавана пайсці ў грамадзянскі суд», — дзеліцца падрабязнасцямі Латушка і адзначае, што да гэтай пары фонд знаходзіцца ў грамадзянскім працэсе з Котавым.

«На невялікую суму сродкаў, але мы ідзём прававой дарогай»,

— даводзіць Латушка і адзначае правільнасць таго, што «Кіберпартызаны» падалі заяву ў праваахоўныя органы па факце знікнення грошай з рахунку фонду Białoruś Liberty, якім кіравала Анжаліка Мельнікава.

Чытайце таксама:

Мельнікава крала грамадскія грошы па $2500, пераводзячы на ўласны рахунак

Былы чыноўнік з Кіраўніцтва справамі прэзідэнта з’ехаў за мяжу, каб дапамагаць рэпрэсаваным беларускім спартсменам

Вераніцы Цапкала, Вользе Карач і яшчэ тром дзеячам завочна далі па 12 гадоў калоніі

Каментары да артыкула