Для ўсіх дзесяцікласнікаў увядуць вучэбна-палявыя зборы
Міністэрства адукацыі Беларусі абвясціла, што з 1 верасня 2025 года ў школьную праграму ўносяцца змены. Адным з галоўных новаўвядзенняў стане правядзенне вучэбна-палявых збораў для ўсіх дзесяцікласнікаў. Яны будуць доўжыцца 10 дзён і пройдуць у канцы навучальнага года — з 26 мая па 5 чэрвеня.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы
Першыя такія зборы адбудуцца ў 2026 годзе. Раней у такім фармаце ў іх удзельнічалі толькі кадэты і сувораўцы.
Таксама, пачынаючы з 2025/2026 навучальнага года, колькасць урокаў «Фізічная культура і здароўе» павялічыцца з двух да трох у тыдзень. У міністэрстве тлумачаць гэта жаданнем павялічыць фізічную актыўнасць школьнікаў і стварыць сістэму захавання здароўя ў школах.
Акрамя таго, у 10 і 11 класах пачалі выкладаць новы вучэбны прадмет — «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі». Яго мэтай з'яўляецца фарміраванне ў вучняў цэласнага ўяўлення пра свет і развіццё крытычнага мыслення.
Таксама, у сувязі з патрэбамі інклюзіўнай адукацыі і просьбамі бацькоў дзяцей, што навучаюцца дома, у школьную праграму дадалі гадзіны для такіх прадметаў, як «Выяўленчае мастацтва», «Асновы бяспекі жыццядзейнасці», «Мастацтва» (беларуская і сусветная культура), «Чарчэнне».
Міністэрства лічыць, што ўсе гэтыя змены накіраваны на удасканаленне адукацыйнага працэсу і павышэнне якасці навучання.
Чытайце таксама:
Без песняў Меладзэ і ў форме: як пройдуць выпускныя ў школах і дзіцячых садках