Школьныя падручнікі па сацыяльна-гуманітарным цыкле рэцэнзуе БПЦ
Міністр адукацыі Андрэй Іванец паведаміў, што сістэма адукацыі Беларусі цесна супрацоўнічае з Беларускай праваслаўнай царквой. Сумесная праграма на 2020—2025 гады ахоплівае ўсе ўзроўні адукацыі — ад дзіцячых садкоў да ВНУ.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: БелТА
Паводле слоў міністра, у Беларусі распрацоўваюцца факультатывы па духоўна-маральнай культуры, якія наведваюць больш за 25 тысяч школьнікаў.
Таксама ўсе навучальныя дапаможнікі, якія выдаюцца па сацыяльна-гуманітарным цыкле, як сцвярджае Іванец, праходзяць рэцэнзаванне ў адпаведным Сінадальным аддзеле Беларускай праваслаўнай царквы.
Гэта, маўляў, дазваляе ўсебакова паглядзець на той навучальны матэрыял, які сёння выкладаюць школьнікам.
Таксама святары ўдзельнічаюць у адукацыйных праектах і сустракаюцца з моладдзю. Рэалізуюцца праекты па патрыятычным выхаванні — краязнаўчыя маршруты, чытанні, экскурсіі. Увага надаецца сямейнаму выхаванню: праводзяцца ўрокі пра сям’ю, бацькоўскія сустрэчы з праглядам фільмаў.
Працуюць 93 рэсурсныя цэнтры па духоўна-патрыятычным выхаванні, імі кіруе спецыяльны цэнтр пры Акадэміі адукацыі. Міністр адзначыў, што такое супрацоўніцтва дапамагае ўсебакова выхоўваць моладзь.